Памёр іспанскі комік Хуан Хоя Борха — той самы рагатун з інтэрнет-мемаў

У Іспаніі памёр комік і акцёр Хуан Хоя Борха, вядомы ў інтэрнэце як Эль-Рысітас або Рагатун.

29.04.2021 / 08:56

Борхе было 65 гадоў. У верасні 2020 года яму ампутавалі нагу з-за хваробы, з тых часоў ён знаходзіўся ў бальніцы, піша meduza.io.

Хоя набыў папулярнасць па ўсім свеце ў 2015 годзе дзякуючы віруснаму відэа на ютубе — гэта быў запіс яго з'яўлення на ток-шоу «Ratones Coloraos» 2002 года.

На шоу Хоя распавядаў гісторыю аб сваёй працы пасудымыйшчыкам у рэстаране на пляжы — па яго словах, увечары ён пакінуў у адкрытым моры адмакаць патэльні, а раніцай іх знесла з адлівам.

Смех Хоі падчас аповеду стаў аб'ектам пародый — іх аўтары пакідалі арыгінальную відэа- і аўдыёдарожку на іспанскай мове, і накладвалі на іх субцітры на іншых мовах.