У Туркменістане пачалі хаваць чэргі па прадукты, каб не псаваць імідж прэзідэнта
Улады горада Туркменабад на ўсходзе краіны пачалі прымусова хаваць чэргі ля дзяржаўных крамаў, дзе жыхары купляюць прадукты па субсідзіраваных цэнах. Пра гэта піша «Радыё Азатлык», мясцовы філіял «Радыё Свабода».
29.04.2021 / 10:15
Згодна з новымі правіламі грамадзяне павінны зарэгістравацца, каб стаць у чаргу, пасля званку яны могуць прыйсці па прадукты ў прызначаны час. Перад крамамі дазволілі збірацца па чатыры чалавекі, астатнія чакаюць сваёй чаргі ў пад'ездах суседніх дамоў.
Раней паведамлялася пра аналагічную сітуацыю ў Ашхабадзе. Мяркуецца, што супраць чэргаў выступіў віцэ-прэм'ер Сердар Бердымухамедаў, сын прэзідэнта Туркменістана, які лічыць, што «натоўп людзей псуе імідж бацькі-прэзідэнта».
Паліцыя Ашхабада затрымлівае тых, хто стаіць у чэргах.
Цяпер у краіне назіраецца дэфіцыт прадуктаў з татальным іх падаражаннем. Улады крызісу не прызнаюць.