Крэмль «адмовіўся трываць тое», што цяпер робіцца ў Чэхіі, Балгарыі і краінах Балтыі

Расія імкнецца выбудоўваць добрыя адносіны з іншымі краінамі, але не мае намер трываць стаўлення, якое прадэманстравалі кіраўнікі Чэхіі, Балгарыі і некаторых іншых краін, у тым ліку Балтыі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, паведамляе РБК.

29.04.2021 / 13:25

ТАСС

«Тое, што цяпер робяць у Чэхіі, як да іх далучаюцца балгары, як да іх у рамках гэтай так званай салідарнасці далучаюцца прыбалты і іншыя. Мы не будзем гэтага трываць, і мы гэтага ўжо не церпім. Мы дакладна гэта дэманструем», — сказаў Пяскоў у эфіры Першага канала.

Паводле яго слоў, ЗША і краіны Еўропы ўпарта не хочуць ўспрымаць жаданне Расіі быць з імі ў добрых адносінах.

«Галоўнае ўсё-такі — гэта жаданне Расіі быць у добрых адносінах. Гэтую першую частку і асноўны пасыл прэзідэнта Пуціна чамусьці ўпарта не хочуць чуць — ні ў Вашынгтоне, ні ў Брусэлі, ні ў [іншых] еўрапейскіх сталіцах», — сказаў прадстаўнік Крамля.