Праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік

30.04.2021 / 23:13

Як стала вядома «Вясне», праваабаронцу і каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову паставілі на прафілактычны ўлік як «схільную да экстрэмізму». Пакуль невядома, якім чынам гэта адаб'ецца на яе ўмовах утрыманнях у СІЗА-1, дзе яна знаходзіцца ўжо восьмы месяц.

Раней праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская распавядала, што 25 сакавіка Марфа Рабкова разам з сукамерніцамі адсвяткавала Дзень Волі, адзеўшы белае адзенне і ўплёўшы ў валасы бел-чырвона-белыя папяровыя кветкі. Пасля гэтага камера была расфармаваная. Пазней «Вясне» стала вядома, што за гэта дваіх дзяўчат змясцілі ў карцэр на 5 і 10 сутак.

Гацура-Яворская правяла з Марфай у адной камеры сем дзён да свайго раптоўнага вызвалення 15 красавіка.

Праваабаронца Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня 2020 года, а ў СІЗА-1 утрымліваецца з 19 верасня. Яна абвінавачваецца па трох артыкулах: ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаванне гэтай дзейнасці), ч. 3 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці да ўлады групай нявысветленых асоб) і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (Удзел у злачыннай арганізацыі). Па гэтых артыкулах Марфе пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Марфе некалькі разоў падаўжалі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Апошні раз — да 19 чэрвеня 2021 года.