Байдэн: Рэпрэсіі супраць журналістаў — пагроза дэмакратыям ва ўсім свеце
Амерыканскі лідар адзначыў, што журналісты «неабходныя для функцыянавання дэмакратыі».
03.05.2021 / 17:11
Маштабы пераследаў і жорсткага абыходжання з журналістамі працягваюць расці, гэтыя нападкі з'яўляюцца пагрозай дэмакратычным краінам ва ўсім свеце. Пра гэта гаворыцца ў пашыранай у панядзелак Белым домам пісьмовай заяве прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з нагоды Сусветнага дня свабоды друку, піша ТАСС.
«У інтэрнэце працягваюць расці [маштабы] жорсткага абыходжання і пераследу журналістаў, асабліва жанчын і прадстаўнікоў этнічных меншасцяў.
Аўтарытарныя кіраўнікі імкнуцца падарваць свабодную прэсу, маніпуляваць праўдай або распаўсюджваць дэзінфармацыю… Гэтыя атакі — не што іншае, як пагроза дэмакратыям ва ўсім свеце», — падкрэсліў амерыканскі лідар, дадаўшы, што журналісты «неабходныя для функцыянавання дэмакратыі».
«Сёння, у Сусветны дзень свабоды друку, мы адзначаем нястрымную адвагу журналістаў ва ўсім свеце. Мы прызнаем ключавую ролю свабоднай прэсы ў пабудове квітнеючых, устойлівых і свабодных грамадстваў. І мы абавязваемся абараняць і садзейнічаць свабодным, незалежным і разнастайным СМІ ва ўсім свеце», — адзначыў прэзідэнт. Ён заклікаў «супрацьстаяць пагрозам свабодным і незалежным СМІ, уключаючы фізічную пагрозу і адвольныя затрыманні». Прэзідэнт ЗША нагадаў, што супрацоўнікі СМІ на працягу пандэміі «знаходзіліся на перадавых рубяжах, каб інфармаваць грамадскасць, падвяргаючы значнай небяспецы ўласнае здароўе».
3 мая штогод адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы (World Press Freedom Day). Ён абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН 20 снежня 1993 года ў знак прызнання важнасці захавання прынцыпаў свабоды слова, друку, незалежнасці, а таксама як даніна памяці журналістам, якія загінулі пры выкананні прафесійнага абавязку.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2020 годзе ў Беларусі было зафіксавана 480 затрыманняў журналістаў, 97 фактаў, калі журналісты адбывалі адміністрацыйныя арышты — агулам журналісты правялі за кратамі больш за 1200 дзён. Пасля дня выбараў 9 жніўня было зафіксавана як мінімум 62 факты фізічнага гвалту ў дачыненні да журналістаў.
На дадзены момант ў няволі застаюцца журналісты:
Кацярына Андрэева
Дар'я Чульцова
Кацярына Барысевіч
Юлія Слуцкая
Ала Шарко
Сяргей Альшэўскі
Пётр Слуцкі
Ксенія Луцкіна
Андрэй Аляксандраў
Дзяніс Івашын
Андрэй Пачобут.