Аўкцыён нечуванай шчодрасці ад Расіі
Яшчэ 134 малочныя вырабы атрымалі дазвол на ўвоз у РФ.
22.06.2009 / 23:07
«Расспажыўнагляд» зьняў забарону на ўвоз у Расею яшчэ са 134 беларускіх малочных прадуктаў, паведамляе РИА Новости са спасылкай на галоўнага санітарнага лекара Расеі Генадзя Анішчанку.
Такім чынам колькасьць беларускіх малочных прадуктаў, якія можна будзе ўвозіць у Расею, дасягнула 273.
На пачатку мінулага тыдня спробы дамовіцца пра аднаўленьне паставак беларускай малочнай прадукцыі для расейскага гандлю зайшлі ў тупік. Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка заявіў, што расейскі бок бярэ тайм‑аўт у перамовах. Падставай сталі крытычныя матэрыялы ў дзяржаўных мэдыях, дзе зьневажаўся, у прыватнасьці, і сам Анішчанка — нібыта галоўны ініцыятар «малочнай вайны». Прымірэньне надышло гэтак жа нечакана: Анішчанка пагадзіўся весьці справы з новым складам беларускіх «міратворцаў», і ўжо ад 18 чэрвеня пастаўкі малака ў Расею аднавіліся.
22 чэрвеня часопіс «Русский Newsweek» напісаў, што беларускія прадукты аказаліся пад забаронай сярод іншага з той прычыны, што Менск насуперак абяцаньням не прадаў расейскім інвэстарам 12 малочных заводаў.