На хірурга Андрэя Любецкага завялі крымінальную справу за «абразу прадстаўніка ўлады»?

Сківічнага хірурга Андрэя Любецкага затрымалі раніцай 4 мая. Абшукалі кватэру, а яго самога даставілі ў Ленінскае РУУС. Доктар паспеў паведаміць пра гэта жонцы, якая з дзецьмі нядаўна з’ехала за мяжу.

04.05.2021 / 22:43

Андрэй Любецкі, фота Надзеі Бужан

Да вечара Любецкага так і не адпусцілі. З чым звязана затрыманне, сваякі дакладна не ведаюць, бо адвакат не змог да яго патрапіць. Андрэй паспеў паведаміць жонцы, што яго нібыта забіраюць за «абразу ўлады».

«У РУУС сказалі, што там яго трымаць не будуць, перавядуць у ІЧУ на Акрэсціна», — дзеліцца сям’я.

Калі гаворка ідзе пра артыкул 369 Крымінальнага кодэкса «Абраза прадстаўніка ўлады», то Андрэя Любецкага не могуць утрымліваць на Акрэсціна больш за трое сутак. Раніцай у пятніцу яго павінны вызваліць.

Пакаранне па гэтым артыкуле — ад штрафа да 3 гадоў хіміі.

Чытайце таксама: Сківічны хірург Андрэй Любецкі валанцёрыў пад Акрэсціна, а яго жонка Наталля трапіла ў «шпіёнскі» фільм АНТ — вялікая гутарка

Nashaniva.com