Спартсменка-трансгендар упершыню ў гісторыі адабралася на Алімпіяду

Цяжкаатлетка-трансгендар з Новай Зеландыі Лорэл Хабард забяспечыла сабе пуцёўку на Алімпійскія гульні ў Токіа пасля зацвярджэння Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) новых правілаў адбору, піша РБК.

06.05.2021 / 13:47

Хабард займае ў сусветным рэйтынгу ў вагавой катэгорыі да 87 кг толькі 16-е месца. Аднак па меншай меры шасцёра з тых, хто стаяць вышэй за яе, не змогуць выступіць на Алімпіядзе, якая пройдзе ў японскай сталіцы з 23 ліпеня да 8 жніўня.

Хабард будзе кваліфікавана ў якасці найлепшай спартсменкі з Акіяніі. Яе найлепшы вынік у кваліфікацыі склаў 285 кг.

Спартсменка з Новай Зеландыі можа стаць першым у гісторыі трансгендарам, які выступіў на Алімпійскіх гульнях. Акрамя таго, у свае 43 гады Хабард можа стаць самай узроставай цяжкаатлеткай на гэтых міжнародных спаборніцтвах.

Хабард змяніла пол у 2012 годзе. Да гэтага яна спаборнічала пад імем Гэвін Хабард, але тады на яе рахунку не было вялікіх поспехаў. А ў 2017 годзе яна выйграла сярэбраны медаль чэмпіянату свету.

У студзені 2016 года МАК дазволіў спартсменам-трансгендарам выступаць на любых спаборніцтвах, у тым ліку Алімпіядах, без аперацыі па змене полу. Такі спартсмен павінен толькі пацвердзіць, што яго ўзровень тэстастэрону ніжэйшы за пэўную планку.

Nashaniva.com