У чарзе на прышчэпку ад кавіду ў «Экспабеле» стаіць сто чалавек ФОТА
У ГЦ «Экспабел» адкрыўся цэнтр вакцынацыі супраць COVID-19, дзе бясплатна прышчапляюць усіх жадаючых. Tut.by распавядае, як праходзіць працэдура, колькі можна стаяць у чарзе і хто хацеў атрымаць укол «Спутніка» ў гандлёвым цэнтры.
08.05.2021 / 14:46
Дзе знаходзіцца пункт вакцынацыі, зразумела, як толькі трапляеш унутр ГЦ «Экспабел» з цэнтральнага ўвахода — ён ля вялікай лесвіцы, на другім паверсе.
— Стараліся, каб было і яго лёгка заўважыць, і ў той жа час не замінала чарга, — адзначае дырэктар гандлёвага цэнтра Андрэй Гоман.
У Мінску гэта першы такі выпадак, калі ўсіх жадаючых вакцынуюць не ў паліклініцы, а ў гандлёвым цэнтры. Яго з'яўленне стала ініцыятывай «Экспабела»: тут спадзяюцца, што пакажуць добры прыклад. Па словах дырэктара, зладзіць усё аказалася нескладана: і медыкі, і ўлады ідэю падтрымалі, ніякіх затрымак не чынілі, а наадварот, былі зацікаўлены ў хуткім і добрым выніку.
Фота: TUT.BY
— Магчыма, хтосьці не хоча ісці ў паліклініку прышчапляцца, але зойдзе ў гандлёвы цэнтр, напрыклад, у выходны: акрамя ўколу вакцыны, можна зрабіць пакупкі, заняцца сваімі справамі. Ёсць магчымасць пакінуць дзяцей пад наглядам — пералічвае плюсы такога падыходу кіраўнік. — Трэба разумець, што прышчэпку робяць выключна здаровыя людзі, так што рызыкі для наведнікаў няма.
Фота: TUT.BY
— Разлічвалі, што да адкрыцця прыйдзе столькі людзей? — цікаўлюся я.
— Не, — прызнаецца дырэктар. — Нечакана, прычым моладзь! Бачыце, колькі жадаючых аказалася.
— О, дык тут можна прышчапіцца! — радасна паведамляе, праходзячы міма, пакупніца свайму мужу. А потым паварочвае галаву і засмучана дадае: — Ого, якая чарга…
Хто ў чарзе?
Колькасць людзей і сапраўды ўражвае для суботняй раніцы: чарга змяіцца, заварочвае за вугал каля лесвіцы. Уздоўж магазінаў дзіцячага адзення і абутку выстраіліся пад сотню жадаючых: усе — у масках, амаль усе — вытрымліваюць сацыяльную дыстанцыю. На выгляд моладзі тут больш, чым людзей сярэдняга веку.
Фота: TUT.BY
23-гадовая Насця і 27-гадовы Максім чакаюць належныя паўгадзіны пасля прышчэпкі, на лаўцы ля пункта вакцынацыі. У руках у іх даведкі аб тым, што атрымалі першы кампанент вакцыны «Гам-ковід-вак», гэта значыць «Спутнік V». Сюды ж, у «Экспабел» яны павінны будуць з'явіцца па другі праз тры тыдні.
— Прыйшлі загадзя, у 9.15, — дзеляцца яны. — Разлічвалі, што будзе натоўп, але мы былі толькі 8-я ці 9-я ў чарзе. Пункт вакцынацыі адкрыўся а 10, укол мы атрымалі прыкладна ў 10.30.
— А чаму ўвогуле вырашылі прышчапляцца? Да групы рызыкі вас не аднясеш.
— На каранавірус не хварэлі, амаль год былі на ізаляцыі: ёсць магчымасць, бо мы айцішнікі з аддаленай працай — але ўжо хочацца нармальна жыць — тлумачыць малады чалавек. — Пасля ўколу не збіраемся здымаць маскі або пераставаць карыстацца антысептыкам — але ўсё ж стане спакайней. «Спутнік» лічым найлепшым з таго, што даступна беларусам. Прышчапіцца раней ні праз паліклініку, ні праз працу ў нас не атрымалася — а тут такая магчымасць.
Фота: TUT.BY
Падгледзець, што адбываецца ў прышчэпачным пункце, можна з чаргі: вось наведніку мераюць ціск, вось запаўняюць даведкі. Гэта медыкі з Мінскай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы: ад медустановы залежаць пастаўкі вакцыны і медычнае суправаджэнне працэсу.
— Акрамя ціску, яшчэ мераюць сатурацыю, тэмпературу, цікавяцца наконт хранічных захворванняў і алергічных рэакцый, глядзяць горла, слухаюць лёгкія… Сам укол рабіць не балюча, але пад канец ледзь-ледзь непрыемна, — смяецца Насця.
26-гадовым Аляксею і Марыі чакаць сваёй вакцыны, напэўна, гадзіны дзве:
— Мы палічылі, перад намі чалавек 60, — кажа мінчук, — але чакалі, што будзе больш! Хоць дзве, хоць тры гадзіны пачакаць — усё роўна гэта хутчэй, чым канец мая, калі з'явілася б магчымасць прышчапіцца па месцы працы.
Аказваецца, што абое айцішнікі. Навіна аб тым, што ў «Экспабеле» адкрываецца пункт вакцынацыі, прачыталі ўчора а палове на дзясятую вечара — і вырашылі з раніцы прыехаць.
Фота: TUT.BY
— Я нядаўна быў у камандзіроўцы ў Маскве, там вакцынацыя ў ГЦ — гэта норма, — дзеліцца Аляксей. — Вельмі зручна, лепш, чым у паліклініцы: туды ўсё ж такі хворых ходзіць больш, чым у гандлёвы цэнтр. Кампанія ўжо выйшла з «аддаленкі», так што вакцынацыя для нас — пытанне бяспекі. І, вядома, разлічваем, што «Спутнік» прызнаюць і можна будзе ўязджаць у ЕС: год не былі ў Еўропе — сумна.
27-гадовы Яўген па стане на 10.34 у чарзе быў сярод апошніх. Расказвае, што хацеў прыехаць да адкрыцця на каршэрынгу, але потым перадумаў, скарыстаўся грамадскім транспартам — і вось вынік: давядзецца пачакаць. Адгадаеце вы, хто ён па прафесіі? Правільна, праграміст.
Фота: TUT.BY
— Чаму вырашылі вакцынавацца?
— А чаму не? — здзіўляецца такому пытанню Яўген. — Наадварот, не бачу прычын гэтага не рабіць: так сітуацыя з пандэміяй лепш не стане. Два гады таму я быў у Індыі — не здзіўлены тым, што ў іх зараз адбываецца. І не хочацца, каб так было дзесьці яшчэ. У паліклініцы, дзе я зарэгістраваны, прышчаплялі спачатку толькі кітайскай вакцынай, а потым і яна знікла.
— Колькі гатовыя чакаць уколу?
— Ну, гадзіны дзве пачакаю. Чакалі і даўжэй! — напэўна, ён усміхаецца, але за маскай не відаць.
Бліжэй да гадзіны дня за ўколам вакцыны ў чарзе стаялі ўжо больш за сто чалавек.
Як і калі прышчапіцца ў ГЦ « Экспабел»
Фота: TUT.BY
Бясплатна прышчапляць ад каранавіруса ў EXPOBEL абяцаюць усіх жадаючых без хранічных захворванняў і супрацьпаказанняў. Вакцынацыя праходзіць без папярэдняга запісу. Трэба мець пры сабе пашпарт (або іншы дакумент, які пацвярджае асобу). Для рэгістрацыі трэба ведаць, да якой паліклінікі вы прымацаваныя. Спатрэбіцца таксама прайсці агляд у лекара на месцы.
У ГЦ папярэджваюць, што варта разлічваць час: без уліку чаргі можна выдаткаваць каля гадзіны — 15 хвілін рэгістрацыя і агляд доктара, 10 хвілін падрыхтоўка прышчэпкі і вакцынацыя, 30 хвілін — адпачынак і назіранне доктара.
Графік працы пункта з 9.00 да 21.00 — у працы прадугледжаныя перапынкі на дэзынфекцыю.