У ЗША стварылі беспілотны электратрактар

Стваральнікі стартапа Monarch Tractor з Каліфорніі сцвярджаюць, што іх першы ў свеце беспілотны электратрактар дапаможа фермерам павялічыць даход і весці больш экалагічную гаспадарку.

13.05.2021 / 21:37

Фота CNN

Кампактны трактар можна запраграмаваць на выкананне самых розных задач: узворванне, збор ураджаю, скошванне. Больш за тое, электратрактар можа працаваць на працягу 10 гадзін без зарадкі, піша CNN.

Трактару не патрэбны кіроўца, але патрэбны аператар, які будзе атрымліваць паведамленні ў рэжыме рэальнага часу, калі неабходна спыніць электратрактар. У тэхналогіі ёсць чуйнікі, якія выяўляюць жывёл і сельскагаспадарчыя культуры, каб не пашкодзіць іх, а таксама ёсць адмысловая сістэма для прадухілення сутыкненняў з іншымі работнікамі фермы. Усё гэта робіць трактар цалкам аўтаномным.

Прадстаўнікі кампаніі сцвярджаюць, што адзін такі трактар скарачае выкіды вугляроду ў сярэднім на 53 тоны штогод — гэта тое ж самае, што прыбраць з дарог 14 бензінавых легкавікоў.

Акрамя гэтага, электратрактары могуць збіраць звесткі з поля падчас працы, што дасць фермерам інфармацыю пра стан глебы на полі і таксама папярэджваць пра магчымыя праблемы, напрыклад, недахоп вады.

Кампанія ўжо пачынае прадаваць свае электратрактары фермам па стартавай цане 50 тысяч даляраў. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што такі транспартны сродак дапаможа фермерам зэканоміць тысячы даляраў штогод на паліве і працоўнай сіле.

Nashaniva.com