Падатковая запатрабавала ў Ціханоўскага заплаціць падатак са знойдзеных за канапай 900 тысяч даляраў. Той не пагадзіўся і падаў скаргу ў суд
У Гомелі 13 мая адбылося судовае пасяджэнне па скарзе Сяргея Ціханоўскага на рашэнне падатковай аб спагнанні з яго празмернага падатку з 900 тысяч даляраў, якія знайшлі на яго дачы за канапай. Суд Савецкага раёна горада, дзе разглядалася скарга, абвясціў пасяджэнне закрытым, пішуць Моцныя навіны.
14.05.2021 / 08:24
Палітвязень сцвярджае, што не мае ніякага дачынення да гэтых грошай. Падатковая, у сваю чаргу, патрабуе выплаціць з іх празмерны падатак. Паводле пастановы дзяржоргана, Ціханоўскі павінен заплаціць у бюджэт 257 тысяч 992 рублі і 72 капейкі.
Ціханоўскі падаў скаргу. Яго інтарэсы ў рамках разгляду справы прадстаўляла адвакат Наталля Мацкевіч.
Падчас пасяджэння прадстаўніца дзяржоргана хадайнічала аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме, бо ў матэрыялах фігуруюць дакументы са службовай інфармацыяй, якія змяшчаюць камерцыйную і падатковую таямніцу. Адвакат Ціханоўскага запярэчыла, падкрэсліўшы, што гэтыя матэрыялы не прадстаўленыя суду і не апісаныя. Наталля Мацкевіч таксама адзначыла, што закрытыя судовыя пасяджэнні спараджаюць у грамадстве недавер да справядлівасці і законнасці прыняцця рашэнняў па разгляданых справах. Суд пасля працяглай нарады прыняў рашэнне зрабіць пасяджэнне закрытым.
Нагадаем, 3 чэрвеня ў дачным доме Сяргея Ціханоўскага пад Гомелем пры ператрусе знайшлі 900 тысяч даляраў. Ператрус праводзіўся ў прысутнасці панятых і маці палітвязня, на якую зарэгістраваны дом.