Палітыка Анатоля Лябедзьку асудзілі на 30 сутак арышту

Былы старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў 30 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», паведамляе «Свабода».

17.05.2021 / 16:50

17 траўня прысуд вынесла ў судзе Маскоўскага раёну Менску судзьдзя Тацяна Матыль.

Анатоля Лябедзьку затрымалі 14 траўня каля будынка суду Кастрычніцкага раёну Менску. Там у гэты дзень пачаўся суд над групай студэнцкіх актывістаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі акцый пратэсту ў студэнцкім асяродзьдзі Менску пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 2020 году.

На лаву падсудных трапілі 12 чалавек. Сярод іх студэнты розных ВНУ Менску, актывістка «Моладзевага блёку» Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава, якая ўдзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. Усе яны прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасьцю палітвязьнямі і знаходзяцца пад вартай з 12 лістапада 2020 году.

Да будынку суду 14 траўня прыйшло шмат людзей. Сваякоў (па двое на кожнага абвінавачанага) прапусьцілі ў будынак суду за некалькі хвілін да пачатку працэсу. У залю ўвайшло каля 25 чалавек, яшчэ прыкладна 40 засталіся ў калідоры. Журналісты некалькі разоў зьвярталіся з просьбай даць ім магчымасьць выканаць свае прафэсійныя абавязкі, аднак у залю суду нікога зь іх не прапусьцілі.

Як паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна», супрацоўнікі АМАП, якія дзяжурылі каля будынку суду, пачалі затрымліваць некаторых студэнтаў з тых, хто прыйшоў падтрымаць абвінавачаных, але ня трапіў на працэс. Акрамя Анатоля Лябедзькі былі затрыманыя журналістка Tut.by Любоў Касьпяровіч, студэнтка БДУІР Ксенія Аляшко, студэнты БДУ Савелій Дубовік, Вольга Вайтовіч, Віктар Палтаржыцкі, Міраслава Булгакава, а таксама Любоў Дашчынская.