Мядзведзеў: Расія стамілася ад канфрантацыі з Захадам
Пра гэта старшыня партыі «Адзіная Расія», намеснік старшыні Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў заявіў у інтэрв'ю газеце «Коммерсантъ».
01.06.2021 / 07:48
«Не толькі асобныя людзі стаміліся ад канфрантацыі. Я вам больш скажу: мы ўсе стаміліся ад канфрантацыі. А каму гэта падабаецца? Нікому гэта не падабаецца. І мне гэта не падабаецца. Упэўнены, і прэзідэнту гэта не падабаецца, і іншым маім калегам», — сказаў Мядзведзеў.
Ён дадаў, што «спіраль канфрантацыі» раскруціла не Масква. На думку Мядзведзева, Захад мог «павесці сябе значна танчэй, разумней». У прыватнасці, у сітуацыі з далучэннем Крыма да Расіі заходнія краіны маглі б заявіць «аб нейкіх сваіх занепакоенасцях», не руйнуючы адносіны з Масквой.
«Але яны ж усё разбурылі, спалілі дашчэнту. Я не хачу сказаць, што заўсёды ва ўсім вінаваты адзін бок <…>. Але ў гэтай сітуацыі мы дакладна не былі ініцыятарамі такога кшталту канфрантацыйнай спіралі», — адзначыў намеснік старшыні Рады бяспекі РФ.
Паводле яго слоў, цяпер адносіны Расіі і Захаду горшыя, чым у часы халоднай вайны.
У панядзелак, 31 мая, генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг заявіў, што Паўночнаатлантычны альянс хоча палепшыць адносіны з Расіяй. Паводле яго слоў, адносіны Масквы і Захаду цяжкія, аднак бакі павінны падтрымліваць дыялог.