Праваабаронца Судаленка дапамог з дровамі шматдзетнай вясковай сям’і. Следства назвала гэта «арганізацыяй пратэстаў». Як так?
Прыяцелька зьняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымала ад яго ліст. Ён піша, што яму прад’явілі канчатковае абвінавачаньне, і расказвае пра сваю «віну».
05.06.2021 / 11:59
Леанід Судаленка. Фота «Вясны»
Праваабаронца ў гомельскім СІЗА-3 ужо 137 дзён. У лісьце, датаваным 31 траўня, ён паведаміў, што з пачатку чэрвеня пачынае знаёміцца з матэрыяламі справы. Канчатковае абвінавачаньне яму прад’явілі 28 траўня, па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і фінансаваньне масавых беспарадкаў), піша Свабода.
«Памятаеш, як я ўзімку дапамог дровамі вясковай шматдзетнай сям’і? Сьледзтва гэта палічыла арганізацыяй пратэстаў. Таму што потым, у лютым, іх тата быў асуджаны за ўдзел у пратэстах», — піша з турмы праваабаронца.
Сапраўды, узімку Леанід Судаленка разьмясьціў у сваім фэйсбуку допіс, дзе прасіў неабыякавых людзей дапамагчы вяскоўцам набыць дровы, бо іначай шматдзетную сямʼю паставілі б у «сацыяльна-небясьпечнае становішча». Пазьней галаву сямʼі асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.
«Арганізацыяй масавых беспарадкаў» сьледзтва палічыла і допіс праваабаронцы ў фэйсбук з прапановай сустрэць з ізалятара часовага ўтрыманьня жыхарку Гомля. «Гэта значыць, што я арганізаваў натоўп і хацеў яго кантраляваць», — піша ў лісьце Судаленка.
Апроч яго, абвінавачаныя па гэтай справе ягоныя памочніцы Марыя Тарасенка і Тацьцяна Ласіца. Марыя Тарасенка, паводле інфармацыі зь ліста праваабаронцы, вінаватая ў «арганізацыі беспарадкаў», а менавіта ў тым, што «некалькі разоў пастаяла ў чарзе ў банку па маёй просьбе».
Паводле праваабаронцы, крымінальная справа складае 50—60 тамоў. У абвінавачаньні прапісана дапамога 346 асобам, якім дапамагаў Судаленка. «Уяві, калі іх усіх захочуць апытаць у судзе?», — піша ў лісьце праваабаронца.
Пасьля азнаямленьня са справай яе перададуць у суд. Праваабаронца мяркуе, што суд пачнецца прыкладна ў сярэдзіне лета.
«Суд, потым перасуд… Да верасьня, да майго 55-гадовага юбілею скончу тут судовыя справы і паеду ў лягер на некалькі гадоў, вывучаць паглыблены курс «турэмнага права», — піша праваабаронца.
Ён жартуе, што «ў выпадку ўзьнікненьня форс-мажору ўгаворваць мяне вярнуцца дадому не давядзецца». «У мяне пачынаецца халоднае лета 2021, як і для ўсёй краіны», — дадае арыштаваны.
Яму не дазволілі спатканьня зь сям’ёй.