С просьбами и без просьб: как политзаключенных освобождали в 2011-м
Учора прайшла інфармацыя, што ў шэрагу калоній палітвязням прапануюць напісаць лісты пакаяння, пасля чаго іх могуць вызваліць у рамках амністыі, прымеркаванай да 3 Ліпеня. Здарыцца гэта ці не, упэўнена сцвярджаць цяжка. Тым не менш, варта нагадаць, што ў нашай найноўшай гісторыі падобнае ўжо было 10 гадоў таму.
06.06.2021 / 14:14
На фота: 21-гадовы палітвязень Алесь Кіркевіч прыбыў у Мінск з калоніі. 2011 год. Фота Сяргея Гудзіліна.
Пасля жорсткага разгону паслявыбарнай Плошчы 19 снежня 2010 года ў Беларусі з’явілася пяць дзясяткаў чалавек, прызнаных праваабаронцамі палітвязнямі. Праўда, не ўсе яны ў выніку былі асуджаныя судамі да рэальнага зняволення, некаторыя атрымалі ўмоўныя тэрміны.
Пасля таго, як тыя суды ў сакавіку—маі 2011 года ўсе прайшлі, за кратамі па абвінавачаннях, звязаных з паслявыбарчым пратэстам, застаўся 31 чалавек. Ім належала адбыць ад 2-х да 6-ці гадоў у калоніях агульнага ці ўзмоцненага рэжыму. На агульным фоне вылучаўся толькі адносна «мяккі» прысуд Паўлу Севярынцу — 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, гэтак званай «хіміі». Праўда, і «прад’явіць» Севярынцу нічога канкрэтнага не змаглі.
Але паколькі актыўныя паслявыбарчыя пратэсты тады доўга не патрывалі, іх удалося задушыць адным ударам фактычна за адзін вечар, то адразу пасля вынясення прысудаў пачаўся торг палітвязнямі. Брутальныя дзеянні сілавікоў 19 снежня 2010-га парушылі працэс нармалізацыі адносін паміж беларускім рэжымам і заходнімі дэмакратыямі, які дастаткова актыўна ішоў пару гадоў перад выбарамі. Але і Лукашэнка, і еўрапейскія палітыкі былі не супраць зрабіць перазагрузку. Адно толькі дзясяткі палітвязняў гэтаму заміналі.
Таму неўзабаве пасля вынясення прысудаў на палітвязняў пачаўся ціск. Ім прапаноўвалася падаць на імя Лукашэнкі прашэнні аб памілаванні, што давала шанцы атрымаць свабоду «ўсяго» праз некалькі месяцаў адбыцця некалькігадовых тэрмінаў. Прыняцце такой прапановы для большасці было цяжкім рашэннем з маральнага пункту гледжання, паколькі тым самым фармальна прызнавалася наяўнасць уласнай віны, а заадно і легітымнасць Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы — хоць пратэставаць выходзілі супраць фальсіфікацыі ім выбараў.
Тым не менш, узважыўшы ўсе плюсы і мінусы, частка палітвязняў схілілася да падачы прашэнняў, і 13 жніўня была вызвалена першая іх партыя — 9 чалавек. Гэта былі Арцём Грыбкоў (асуджаны на 4 гады), Зміцер Дрозд (3 гады), Сяргей Казакоў (3 гады), Аляксандр Квяткевіч (3 гады), Віталь Мацукевіч (3 гады), Васіль Парфянкоў (4 гады), Яўген Сакрэт (3 гады), Уладзімір Хамічэнка (3 гады) і Уладзімір Яроменак (3 гады).
Гэта зрабіла ўражанне на Еўропу, якая адразу ж пайшла на кантакты з рэжымам, хоць раней заяўляла, што гэта магчыма толькі пасля вызвалення ўсіх без выключэння палітвязняў. У канцы жніўня 2011 года Мінск у якасці еўрапейскага эмісара патаемна наведаў міністр замежных спраў Балгарыі Мікалай Младзенаў. Падчас сустрэчы з Лукашэнкам 26 жніўня ён атрымаў запэўніванне, што да кастрычніка пытанне з палітвязнямі будзе вырашана.
Ціск на палітвязняў з мэтай прымусіць іх такі напісаць прашэнне аб памілаванні пасля гэтага яшчэ больш узмацніўся, і некаторыя з тых, хто раней упарціўся, перагледзелі сваю пазіцыю. 1 верасня да вызваленых раней далучыліся Алег Гнедчык (3,5 гады), Дзмітрый Даронін (3,5 гады), Алесь Кіркевіч (4 гады) і Андрэй Пратасеня (3 гады). Усе яны прашэнні падпісалі.
Чытайце таксама: Алесь Кіркевіч: з турмы на волю. Нечаканае вызваленне, доўгі шлях да жонкі з Полацка ў сталіцу, даўно не бачаныя зоркі на шашы Віцебск—Мінск і Плошча Незалежнасці — першыя 12 гадзін з вольнага жыцця палітвязня
Але ўсё адно заставаліся 18 чалавек, то-бок большасць асуджаных за паслявыбарчыя пратэсты, якія ішлі на прынцып і прашэнні на імя Лукашэнкі па-ранейшаму не падпісвалі. Аднак спакуса ўсё ж такі неадкладна запусціць працэс размарозкі адносін з Еўразвязам за адносна невысокую цану пераважыла, на ўпартых вязняў махнулі рукой. 14 верасня калоніі пакінулі яшчэ 11 палітвязняў — Аляксандр Атрошчанкаў (4 гады), Зміцер Буланаў (3 гады), Ілля Васілевіч (3 гады), Павел Вінаградаў (4 гады), Аляксандр Класкоўскі (5 гадоў), Мікіта Ліхавід (3,5 гадоў), Уладзімір Лобан (3 гады), Аляксандр Малчанаў (3 гады), Фёдар Мірзаянаў (3 гады), Дзмітрый Новік (3,5 гады), Алег Федаркевіч (3,5 гады). З іх толькі Буланаў перад тым падпісаў прашэнне аб памілаванні.
Пасля таго за кратамі заставаліся толькі палітвязні з ліку ключавых асобаў, якіх Лукашэнка з прынцыпу не хацеў адпускаць без папярэдняга прыніжэння: былыя кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў (5 гадоў), Мікола Статкевіч (6 гадоў) і Дзмітрый Вус (5,5 гадоў), а таксама найбліжэйшы паплечнік Саннікава Зміцер Бандарэнка (2 гады) і Павел Севярынец (3 гады «хіміі»). Таксама працягвалі сядзець Зміцер Дашкевіч (2 гады) і Эдуард Лобаў (4 гады), арыштаваныя нібыта за бойку за дзень да выбараў.
З гэтых сямі палітвязняў Лукашэнка, выконваючы дамоўленасці з Младзенавым, выпусціў 1 кастрычніка, не настойваючы на просьбе аб прашэнні, толькі даволі выпадковага ў гэтым шэрагу Вуса. А адносна астатніх упёрся: хочуць выйсці, то хай пішуць прашэнні і прызнаюць віну. І з Саннікавым ды Бандарэнкам урэшце свайго дабіўся. У пачатку 2012 года абодва напісалі прашэнні аб памілаванні, а ў сярэдзіне красавіка былі вызваленыя. Неўзабаве яны выехалі за мяжу, адкуль ні адзін, ні другі пасля так і не вярнуўся.
Статкевіч, Севярынец, Дашкевіч і Лобаў пісаць прашэнні адмовіліся, а таму працягвалі сядзець. Тым больш што Захад фактычна задаволіўся тым, што палітвязняў у нас стала не празмерна шмат, і працэс нармалізацыі адносін з беларускім рэжымам паціху працягваўся. Да таго ж на мяжы 2013—2014 гадоў выбухнуў украінскі Майдан, а затым адбылася анексія Крыма Расіяй і распачаўся зацяжны расійска-ўкраінскі ваенны канфлікт на Данбасе. У такіх умовах геапалітычныя меркаванні канчаткова пераважылі каштоўнасныя і Лукашэнка атрымаў магчымасць выгадна прадаваць Захаду сваю крыху адрозную ад расійскай пазіцыю ў украінскім пытанні. А палітвязні адышлі на другі план.
У выніку Севярынец, Дашкевіч і Лобаў адбылі вынесеныя ім прысуды ад званка да званка. Дашкевіч, якому ў калоніі дадалі яшчэ год за «неаднаразовае непадпарадкаванне адміністрацыі», выйшаў на волю 28 жніўня 2013 года, Севярынец — 19 кастрычніка 2013-га, Лобаў — 18 снежня 2014-га.
Мікола Статкевіч, якому прысудзілі найбольшы тэрмін, 6 гадоў зняволення, працягваў сядзець. Але перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі, якія мелі адбыцца ў кастрычніку 2015 года і падрыхтоўка да якіх ішла цалкам паводле сцэнарыя ўладаў, ніякімі нечаканасцямі не пагражаючы, Захаду вырашылі кінуць чарговую костку. 22 жніўня 2015-га была без прашэнняў з іх боку абвешчаная амністыя Статкевічу і яшчэ пяці асобам, якія на той час мелі статус палітвязняў: Ігару Аліневічу, Яўгену Васьковічу, Мікалаю Дзядку, Арцёму Пракапенку і Юрыю Рубцову. Апошнія былі асуджаныя па справах, не звязаных з выбарамі 2010 года. Пасля таго вязняў, афіцыйна прызнаных праваабаронцамі палітычнымі, у калоніях Беларусі на нейкі час не засталося, хоць Міхаіл Жамчужны, які быў зняволены па спрэчнай справе ўжо тады, атрымаў гэты статус пазней.
Чытайце таксама: «Герой!» Мужчыны сталі падкідаць Міколу Статкевіча ВІДЭА
Такім чынам, папярэдняя гісторыя сведчыць, што масавае вызваленне палітвязняў можа і не залежаць ад прашэнняў аб памілаванні. Адно што толькі цяпер і агульная сітуацыя ўнутры краіны, і замежнапалітычны фон зусім не тыя, што былі 10 ці 5 гадоў таму. Захад настроены сур’ёзна, рэйтынгі падтрымкі ўлады зусім не тыя, што былі 10 гадоў таму, а зняволеных па палітычных матывах — ужо каля сямі соцень. А таму і не факт, што двойчы можна будзе ўвайсці ў адну і тую ж раку.