Першы за 20 гадоў прэпарат ад хваробы Альцгеймера. ЗША ўхвалілі прэпарат адуканумаб
Амерыканскае ўпраўленне па наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) ухваліла прэпарат адуканумаб для барацьбы з хваробай Альцгеймера. Гэта адбылося ўпершыню за 20 гадоў.
08.06.2021 / 07:44
Прэпарат, распрацаваны кампаніяй Biogen, паступіць у продаж пад камерцыйнай назвай Aduhelm, піша Бі-бі-сі.
Прэпарат уздзейнічае на глыбінныя прычыны, а не на сімптомы хваробы Альцгеймера, самага распаўсюджанага віду старэчай дэменцыі.
Адуканумаб разбурае амілоід — бялок, які фарміруе ў мозгу чалавека згусткі, якія пашкоджваюць клеткі і выклікаюць праблемы з памяццю, мысленнем і камунікацыяй.
Больш за 30 мільёнаў людзей у свеце, пераважнай большасці з якіх больш за 65 гадоў, як мяркуецца, пакутуюць на хваробу Альцгеймера.
Адуканумаб падыходзіць пацыентам маладзейшым за 80 гадоў і з пачатковай стадыяй хваробы. Спатрэбіцца таксама ўстанавіць дакладны дыягназ пры дапамозе дэталёвага МРТ-сканавання.
У апошнія 10 гадоў разглядаліся больш за 100 сродкаў лячэння хваробы Альцгеймера, але ніводны сябе не апраўдаў.
Адуканумаб — не панацэя, і нямала дактароў выказваюць сумнеў у яго вартасцях. Але яго рэгістрацыя ў ЗША дасць моцны штуршок даследаванням у галіне барацьбы з дэменцыяй, якія традыцыйна менш фінансуюцца ў параўнанні з анкалогіяй або кардыялогіяй.
У сакавіку 2019 года міжнародныя выпрабаванні адуканумабу з удзелам трох тысяч чалавек былі перапыненыя на завяршальнай стадыі, калі высветлілася, што прэпарат, які атрымліваюць у выглядзе штомесячнай ін'екцыі, не дае станоўчага выніку ў параўнанні з плацэба.
Аднак у канцы таго ж года амерыканскі вытворца Biogen прааналізаваў большы аб'ём даных і выявіў, што адуканумаб істотна запавольвае паслабленне кагнітыўных здольнасцяў, калі ўжываецца ў больш высокіх дозах.