«Наша Ніва» абавязаная заплаціць 8700 рублёў штрафу
«Наша Ніва» ўсё ж абавязаная заплаціць 8700 рублёў за 20 асобнікаў газеты, надрукаваных на прынтары. Так вырашыла суддзя Вярхоўнага суда Алена Кастрама.
08.06.2021 / 11:19
Сёння «Наша Ніва» абскарджвала рашэнне суддзі Эканамічнага суда Эрнэста Койры.
Ён палічыў, што старыя прынтар і ноўтбук, якія выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы газеты, з’яўляюцца прадметамі адміністратыўнага правапарушэння, а іх агульны кошт перавышае 1160 рублёў (40 базавых велічыняў).
Гэта мінімальная сума, патрэбная для таго, каб пакараць за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць».
Атэставаны спецыяліст склаў заключэнне з ацэнкай тэхнікі. Аказалася, што насамрэч 21-гадовы прынтар каштуе 173 рублі, а 8-гадовы ноўтбук — 229 рублёў. А значыцца, прыцягваць да адказнасці няма за што.
Аднак суддзя Алена Кастрама вырашыла іначай, пакінуўшы папярэдняе рашэнне без змен.