Пасля кароткага буму цэны на драўніну пачалі падаць

З пачатку мая цана драўніны на сусветных рынках упала на 41%, што можа сведчыць пра тое, што бурбалка лопнула.

16.06.2021 / 14:34

Кругляк, падрыхтаваны да вывазу. Беларусь, 2021 год.

Тым не менш, цана драўніны ўсё яшчэ ў 3 разы перавышае ўзровень першай паловы 2020 года, піша «Уол-стрыт джорнал».

Ф'ючэрсы на пастаўку драўніны ў ліпені ў ЗША ў аўторак упалі да $1009,9 за тысячу дошкавых футаў, меры вымярэння драўніны, прынятай у Паўночнай Амерыцы. Гэта на 41% менш, чым на піку цаны — $1711,2 — у пачатку мая.

Рост цэн на драўніну прывёў да падаражэння кошту будаўніцтва ва ўсім свеце.

Вытворцы драўніны, сярод іх Беларусь, рынуліся выкарыстоўваць выгадную каньюнктуру для максімізацыі прыбытку. 

Рост цэн пачаўся ў сярэдзіне 2020 года. Аналітыкі звязвалі яго з ростам аб'ёмаў будаўніцтва прыватнага жытла ў ЗША пасля доўгага перыяду спаду, выкліканага банкруцтвам іпатэчных гігантаў у 2008 годзе. 

Nashaniva.com