Яна была ізгоем пры жыцці, сёння яе выявамі ўпрыгожваюць мадэльнае адзенне і гадзіннікі
Калі б яна паднялася з магілы, яна б не паверыла. Пры жыцці гэтую тулягу з-пад Слуцка лічылі дзівачкай, цяпер яе імя трапіла ў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва». Адзінае ад Беларусі. Але чаму? Што ў творах Кіш такога?
07.07.2024 / 18:36
Алена Кіш. Ліст да каханага. 1930-я гады.
Час вандроўных мастакоў
У першай палове ХХ стагоддзя па Беларусі хадзіла шмат самадзейных мастакоў-вандроўнікаў. Яны грукалі ў дзверы і прапаноўвалі стварыць упрыгожанне для хаты шаноўных гаспадароў — маляваны дыван.
Гэта было модна, гэта было ярка: трохі колераў у хату. Большасці беларусаў вядомы адзін такі вандроўнік — Язэп Драздовіч, які за міску заціркі і начлег у цяпле размалёўваў дываны сялянам Заходняй Беларусі.
Але Драздовіч быў далёка не адзіны ў сваім рамястве, чыё імя мы ведаем. Гісторыя захавала імя яшчэ адной прадстаўніцы вандроўнай «мастацкай школы» і толькі адзін яе фотаздымак. Звалі гэтую жанчыну Алена Кіш. Жыццё мастачкі — прыклад нешчаслівага жыцця творцы і справядлівасці, якая прыходзіць толькі пасля смерці.
Наіўнае мастацтва, ці «інсітнае мастацтва», то-бок «прыроджанае», «уласцівае з нараджэння», — гэта самадзейнае мастацтва непрафесійных творцаў, што парушаюць акадэмічныя традыцыі і законы перспектывы, бо не ведаюць іх, а замест гэтага вынаходзяць уласны стыль. Іншымі словамі, гэта мастацтва насуперак лёсу: ствараць «для душы» пачынаюць тыя, хто ніколі не вучыўся ў мастацкіх акадэміях і ніякіх асаблівых умоў для творчасці не меў.
А замуж выйшла толькі адна
Алена Кіш нарадзілася ў мястэчку Раманава (цяпер — аграгарадок Леніна ў Слуцкім раёне) ці то ў 1889, ці то ў 1896 годзе — дакладных звестак няма. На пачатку ХХ стагоддзя гэтае мястэчка было даволі вялікае: 260 двароў і каля 1500 жыхароў.
Алена Кіш. WIKIMEDIA COMMONS
Сям’я была шматдзетнай: старэйшы Мітрафан, пасля Алена, пасля — яшчэ шэсць дзяцей. Даследчыкі лічаць, што мастацкі талент Кіш — гэта сямейнае. Бацька майстраваў, брат Мітрафан быў вядомым у сваёй мясцовасці цесляром, дапамагаў аднаўляць роспісы ў царкве. Сёстры таксама добра малявалі. Дарэчы,
Алена з сёстрамі амаль усё жыццё і трымаліся разам — уласную сям’ю займела толькі малодшая, Ніна. З ёй пасля смерці бацькоў дажывалі век тыя, хто застаўся ў дзеўках, у тым ліку і Алена.
Бульба, сала ці яйкі
Алена Кіш пачала маляваць дываны ў 1930-я гады, каб пракарміць сябе і дапамагчы сям’і. Бо часы былі няпростыя. З прыходам савецкай улады і перайменаваннем роднай вёскі Раманава, назва якой нагадвала бальшавікам пра царскую дынастыю, пачаліся эксперыменты з калектывізацыяй, якія на пачатку 1930-х выклікалі голад у многіх раёнах СССР.
Геаграфія дываноў Алены Кіш — у асноўным Случчына: Забалаць, Заполле, Васілінкі, Бокшыцы, Грозава.
Алена малявала там, куды можна было дайсці пешшу. Старое паліто ў латках, на нагах — галёшы, за плячыма — мех з фарбамі. Мастачка хадзіла з хаты ў хату, шукала замовы, дамаўлялася пра кошт: бульба, збажына, сала ці яйкі. Калі гаспадары пагаджаліся, мастачка заставалася жыць у той хаце, пакуль не скончыць працу.
Алена Кіш. Рай. 1930-я.
Такі лад жыцця ў кансерватыўнай вёсцы не ўхвалялі. Алену называлі «каўрыхай», «гультайкай», «вар’яткай» (апошняе — яшчэ і з прычыны таго, што Кіш надта ж шкадавала катоў ды сабак).
З мастачкі кпілі, але хараство яе дываноў не маглі не прызнаваць. Як згадвала жыхарка Случчыны Зоя Пуставалава (размова з ёй запісана пісьменнікам Змітром Бартосікам), калі яе бацька-аграном павесіў у хаце маляваныя дываны Алены Кіш, уся вёска прыйшла паглядзець «як на выставу», бо «такой красы ніхто не бачыў у сяле».
«Жанчына ў чырвоным у лесе» іншага вялікага мастака-прымітывіста — Анры Русо (1905 год). EN.MUZEO.COM
Дываны-аповеды
Адметнасць наіўных мастакоў, прызнаных геніямі, што яны малююць не статычны нацюрморт або пейзаж, а гісторыю.
У творчасці Алены Кіш — тры асноўныя аповеды: «Рай», «Ліст да каханага», «Дзева на водах».
«Рай» — зусім не рэлігійны, але дзівосны і прывабны. Тыгры і львы, якіх жыўцом не бачылі ні творца, ні яе замоўцы. Мяккія цёплыя джунглі, нетутэйшыя птушкі. Таму і гэты «Рай» — месца, куды не мог бы трапіць звычайны савецкі калгаснік, але куды вельмі хацелася перанесціся хаця б у думках.
«Ліст да каханага» — падобны нават не да гісторыі, а да народнай песні пра сумневы і страхі, якія сціскаюць сэрца, бы кіпцюры драпежніка сваю ахвяру. Дзяўчына напісала ліст і выпраўляе яго ляцець на крылах кахання, але ці не забыў яе той, каму піша, ці не бавіць час з гарадскімі паненкамі ў элегантных капялюшыках?
Алена Кіш. Дзева на водах. 1930-я.
«Дзева на водах», як называла сюжэт сама мастачка, — гісторыя пра спатканне з самой сабою. Дзяўчына расхінае чарот, бы расчыняе дзверы ў іншы, прыгожы свет, які тут, побач, але на які не хапае часу палюбавацца. Ён схаваны за трыснягом штодзённага клопату.
Нягледзячы на невялікую разнастайнасць сюжэтаў, мастачка не любіла паўтарацца: калі замоўца прасіў дыван такі ж, як бачыў у кагосьці, дык казала, што лепей крыху падумае і намалюе такі дыван, якога ні ў каго не будзе.
Ела не свой хлеб
Пасля вайны Алена Кіш пераехала да сястры Ніны ў Грозава. Зрабілася зусім цяжка: дываны перасталі замаўляць — замест іх куплялі фабрычныя, з тыповымі малюнкамі, але трывалымі фарбамі. Мастачка, хворая шасцідзесяцігадовая жанчына, жыла не ў сваім доме, ела не свой хлеб і не магла займацца сваёй справай.
У 1949 годзе Алена Кіш утапілася — кажуць, ці то пра самагубства, ці то пра няшчасны выпадак: несла дровы, паслізнулася на кладцы і ўпала ў раўчук.
Пахавалі «каўрыху» на мясцовых могілках і пачалі пакрысе забываць, што жыў такі чалавек. Яе маляваныя дываны таксама чакала забыццё. Фарбы асыпаліся, дываны хоць і не выкідалі, бо навошта выкідаць палатно, але перавешвалі ў хлявы, каб раздзяліць скаціну, падсцілалі ў будкі сабакам, сушылі на іх цыбулю.
Вялікі Басалыга
Працы Алены Кіш адшукаў і вярнуў да жыцця мастак Уладзімір Басалыга. У дзяцінстве ён часта бываў на Случчыне ў бабулі і дзядулі і там у вясковых хатах бачыў на сценах дзівосныя маляванкі, якія нагадвалі яму старонкі казак. І гэтыя старонкі паўтараліся з хаты ў хату, быццам бы казка была адна і тая самая.
Калі вырас, даведаўся пра Алену Кіш і зрабіў тое, што калісьці зрабіла яна, — выправіўся вандраваць па Случчыне. Наведваў тыя ж дамы, дзе на некалькі дзён спынялася Кіш, і за дзесяць год вандровак сабраў трынаццаць дываноў.
Фарбы на маляванках выцвілі ці абляцелі, палатно было сапсаванае брудам ці гноем, краі абтрапаліся. Разам з жонкай Уладзімір Басалыга адрэстаўраваў маляванкі, вярнуў ім казачны выгляд.
У 1978 годзе прайшла выстава, на якой упершыню былі прадстаўленыя працы Алены Кіш. Упершыню яны віселі не ў вясковай хаце, а ў сталічным Палацы мастацтваў.
Пазней артыкул пра Кіш з’явіўся ў «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», прысвечанай стагоддзю творчай дзейнасці Анры Русо. Гэта было прызнанне на міжнародным узроўні — і так атрымалася, што не толькі для Алены Кіш, а і для ўсяго наіўнага мастацтва нашай краіны.
Русалкі клічуць
Калі б Алена Кіш паднялася з магілы, яна б не паверыла.
Сёння з выявамі яе маляванак выпускаюць адзенне, упрыгожанні і наручныя гадзіннікі — дзівосныя львы і тыгры больш не замкнёныя ў хатах. Яны на волі і падарожнічаюць па-за межамі Случчыны.
У нашых гарадах з’яўляюцца маляванкі памерам з дом — муралы Максіма Осіпава, натхнёныя матывамі Алены Кіш. Тая ж стылістыка, але зусім новыя сюжэты — і новыя сэнсы, новыя аповеды.
Фота са старонкі Facebook Максіма Осіпава
Рэжысёр Аляксандр Марчанка паставіў спектакль «Прымітывы», які расказвае пра лёс мастачкі.
А пісьменніца Зараслава Камінская напісала выдатную аповесць «Русалкі клічуць», прысвечаную творчасці Кіш.
Прыгажосць, простасць і шчырасць творчасці Алены Кіш стала сенсацыяй, бо адкрывае нешта ў нас саміх — такое ж простае і шчырае, радаснае і яскравае, што натхняе на новыя здзяйсненні, як бы наіўна гэта ні гучала.