Перакладчыца Вольга Калацкая зноў падазраваная па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса
СК камітэт адмяніў пастанову аб спыненні вытворчасці па арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») супраць перакладчыцы Вольгі Калацкай. Адпаведна Вольга зноў падазраваная па гэтым артыкуле. Яна цяпер адбывае два гады хатняй хіміі паводле іншага артыкула, піша БАЖ.
23.06.2021 / 15:06
Вольга пасля прысуда 24 сакавіка. Фота Надзеі Бужан
У студзені 2021 года Вольгу Калацкую затрымалі і змясцілі ў СІЗА, спачатку яна праходзіла як падазраваная па арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
Пазней Вольгу Калацкую абвінавацілі ў злосным хуліганстве (арт. 339 Крымінальнага кодэкса) — нібыта падчас адной з акцый пратэсту Вольга нанесла некалькі поўхаў супрацоўніку СТБ Рыгору Азаронку. Да суда Вольга знаходзілася за кратамі.
У сакавіку 2021 года справу раглядаў Фрунзенскі суд Мінска. Рыгор Азаронак у судзе сказаў, што заяву на Калацкую не пісаў і ўвогуле не лічыць, што жанчына яго абразіла: «Пра эпізод я забыўся ў той жа вечар. Але ўсім вядомы тэлеграм-канал вырашыў выкласці гэта, пасмакаваць — і органы заняліся справай.
Я хадайнічаў аб спыненні крымінальнага пераследу і настойваў аб спыненні справы. Падтрымліваю гэтую сваю пазіцыю і цяпер».
У выніку суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу Вольгу Калацкую двума гадамі хатняй хіміі.