«Хадайнічаю выдаліць з суда Гладкую»: пачаўся суд над анархістам Мікалаем Дзядком

дапаўняецца

У судзе Мінскага раёна 29 чэрвеня пачаўся працэс над анархістам і блогерам Мікалаем Дзядком.

29.06.2021 / 10:17

Дзядка затрымалі яшчэ 11 лістапада — ён хаваўся на канспіратыўнай кватэры ў Асіповіцкім раёне.

Пасля сілавікі выклалі відэа з «прызнаннямі» Мікалая. На запісе хлопец выглядае вельмі кепска, падобна, што да яго ўжывалі сілу і спецсродкі.

Чытайце таксама:

На канспіратыўнай кватэры ўзялі лідара анархістаў Дзядка. Паглядзіце, у якім ён стане пасля затрымання ВІДЭА

Дзядок заявіў, што яго моцна пабілі пры затрыманні, адвакат патрабуе судова-медыцынскай экспертызы

«Гэта бесчалавечна», — бацька палітвязня Мікалая Дзядка звярнуўся да ўладаў

Міколу Дзядка змясцілі ў карцар за выгук «Жыве Беларусь!»

Цяпер Дзядка вінавацяць па трох артыкулах КК: у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак; незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў; у закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. 

Міколу Дзядку пагражае да 7 гадоў.

На пачатку пасяджэння падаваліся хадайніцтвы. Дзядок папрасіў выдаліць журналістку Людмілу Гладкую, бо яна раней дапытвалася ў якасці сведкі па крымінальнай справе (па якой, праўда, не ўдакладніў) і пусціць у залу яго бацьку, Аляксандра Дзядка, у якасці абаронцы сына.

Абодва хадайніцтвы суд адхіліў: маўляў, Гладкая мае права прысутнічаць, а Аляксандр Дзядок раней дапытваўся сведкам па гэтай справе і да таго ж абвінавачанага абараняе адвакат Яўген Маслаў.

Пракурор зачытаў абвінавачванне: Дзядок «публічна падстракаў да дэструктыўных дзеянняў», «уздзейнічаў на свядомасць грамадзян, наўмысна распаўсюджваючы праз інтэрнэт заклікі, накіраваныя на прычыненне шкоды Рэспубліцы Беларусь» і гэтак далей.

Маюцца на ўвазе пасты, якія Дзядок размяшчаў у сваім тэлеграм-канале.

Акрамя таго, Мікалая вінавацяць і ў тым, што ў жніўні ён сам удзельнічаў у «незаконных масавых мерапрыемствах», дзе «публічна выкрыкваў лозунгі, ажыццяўляў хлапкі рукамі» і «выходзіў на праезную частку, што прывяло да парушэнняў у руху гарадскога транспарту».

Таксама, па версіі абвінавачвання, падчас ператрусу ў Дзядка знайшлі некалькі бутэлек з кактэйлем Молатава.

Мікола Дзядок не прызнаў віну.

Затым выслухалі паказанні сведак.

Гэта суседзі па доме, дзе хаваўся Дзядок, жыхары пасёлка Сасновы Асіповіцкага раёна. Першы — пенсіянер Аляксандр Астаповіч. Мужчына распавёў, што быў суседам Дзядка. Кажа, часам бачыў хлопца, вітаўся і ўсё. А пазней Астаповіч у якасці панятога прысутнічаў пры ператрусе ў кватэры Дзядка. Да яго «каля 12-й ночы прыйшлі работнікі органаў».

Сведка сказаў, што цялесных пашкоджанняў падчас ператрусу на Дзядку не бачыў:

«Быў чысценькі, нідзе не пабіты, нічога, у кайданках. Работнікі міліцыі паводзілі сябе ветліва, і ён [Дзядок] таксама сябе добра паводзіў».

Сведка згадаў, што падчас ператрусу ў адным з пакояў знайшлі «фотакамеру, нож, шмат канвертаў з грашыма. Пра грошы ён [Дзядок] сказаў спачатку, што не ведае, адкуль яны, а пасля сказаў: гэта мае зберажэнні. Грошы былі еўра, злотыя, здаецца, і баксы».

На кухні знайшлі «тры бутэлькі з нейкай вадкасцю». Бутэлькі былі заткнутыя нейкімі анучкамі, кажа Астаповіч, вадкасць мела пах бензіна.

Другі сведка Уладзімір Палякоў таксама пенсіянер. Ён таксама быў панятым падчас ператрусу. 

Палякоў распавёў тое ж, што і мінулы сведка: так, у кватэры Дзядка знайшлі канверты з валютай. На кухні былі бутэлькі, калі адну ўскрылі, то пах быў керасіна ці нейкага паліва. Слядоў збіцця у Міколы бачна не было.

Яшчэ адна сведка — Вольга Радзіёнава, маладая жанчына, якой належыць кватэра, дзе хаваўся Дзядок.

Яна распавяла, што сябруе з Міколам, неяк у перапісцы з ім яна згадала, што мае пустую кватэру. У выніку, недзе з чэрвеня ці ліпеня у гэтую кватэру з дазволу гаспадыні ўехаў Мікола Дзядок. Разоў 5 яго наведвала і сама Радзіёнава.

Яна кажа: бачыла відэа СК, дзе паказваюць шафу на кухні, дзе нібыта знайшлі бутэлькі. Але ж раней падчас сваіх візітаў яна часам адчыняла тую шафу і бутэлек ніколі не бачыла, кажа сведка.

Перад ператрусам ці падчас яго ані саму дзяўчыну, ані яе бацьку (яны разам валодаюць жылым памяшканнем) у вядомасць пра гэта не ставілі. Пасля ператрусу кватэру не апячаталі — яна проста стаяла адкрытай са зламанымі дзвярыма.

Nashaniva.com