Найстарэйшы ў Еўропе часопіс пра кіно прысвяціў нумар Беларусі
Свежы нумар часопіса «Мастацтва кіно», што выходзіць у Расіі з 1931 года, прысвечаны Беларусі. На яго вокладцы работа мастачкі Руфіны Базлавай, а ўнутры — тэксты пра фільмы, што расказваюць пра падзеі мінулага года ў Беларусі, і падборка актуальных беларускіх п’ес.
29.06.2021 / 14:12
Пра змест новага нумара ў сваім фэйсбуку расказаў яго галоўны рэдактар, вядомы кінакрытык Антон Долін. Цэнтральнай тэмай выдання стала Беларусь.
На вокладцы размешчана работа беларускай мастачкі ў Празе Руфіны Базлавай — яе чырвона-белая вышыўка стала шырока вядомай пасля падзей жніўня.
Вокладка адсылае да дакументальнага фільма «Кураж» Аляксея Палуяна, прэм’ера якога адбылася сёлета на Берлінале. Матэрыял пра стужку для часопіса напісаў беларускі кінакрытык і праграмны дырэктар кінафестывалю «Лістапад» Ігар Сукманаў.
Праз тое, што героямі «Куража» сталі акцёры тэатра, «Мастацтва кіно» зрабіла падборку найноўшых беларускіх п’ес, што закранаюць тэму пратэстаў, — гэта п’есы Настассі Васілевіч, Яўгеніі Балакіравай, Паўла Пражко і Сашы Філіпенкі.
Тэма Беларусі завяршаецца тэкстам расійскага рэжысёра Барыса Гуца, які зняў фільм Minsk і прысвяціў яго падзеям жніўня. Праца над карцінай яшчэ ідзе, яе прэм'ера адбудзецца на адным з буйных кінафестываляў.