Міронаў: «Буду пісаць лісты, пакуль усе палітвязні не вернуцца дамоў»
Ілля Міронаў даслаў больш за дзве тысячы лістоў рэпрэсаваным, а пасля сам трапіў пад пераслед. Чаму адзін з самых вядомых валанцёраў Беларусі не збіраецца здавацца?
25.07.2021 / 19:06
За апошні год актывіст з Гомеля Ілля Міронаў напісаў палітзняволеным больш за дзве тысячы лістоў. Гэта першае, што ён пачаў зноў рабіць, калі выйшаў з ІЧУ пасля васьмі сутак. Міронава ўзялі як падазраванага па артыкуле 289 КК — акт тэрарызму. Менавіта такую «падзяку» валанцёр атрымаў ад сілавых структур за тое, што дапамагае рэпрэсаваным беларусам словам, прадуктамі, наведвае суды.
Пагутарылі з ім пра чарговы ператрус, дні ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі і планы на будучыню ва ўмовах навіслай крымінальнай справы.
Ілля Міронаў
«Цікавіла ўсё, што мела бел-чырвона-белыя адценні»
З ператрусам да Іллі прыйшлі раніцай 8-га ліпеня. Прычым гэта быў ужо другі ператрус у яго дома за гэты год: першы прайшоў 16 лютага, калі сілавікі наляцелі на дзясятак валанцёраў, журналістаў і праваабаронцаў па ўсёй краіне.
«Было адчуванне, што супрацоўнікі КДБ прыйшлі да мяне проста каб прыйсці. Ну і каб аказаць псіхалагічны ціск. Акрамя тэхнікі (пазней супрацоўнікі міліцыі пранікнуць у мой тэлеграм і ва Укантакце), іх цікавіла ўсё, што мела бел-чырвона-белыя адценні. Так што яны забралі ўсё, што засталося дома пасля першага ператрусу: паштоўкі з Днём волі, значыкі, кніжкі кшталту «Лукашэнка. Палітычны партрэт» аўтарства Валерыя Карбалевіча. Нават буклет з перадвыбарчай праграмай Мілінкевіча ўзялі. Для мяне так абсурдна гучаў «Акт тэрарызму» ў дачыненні да мяне, што я верыў: мяне апытаюць у якасці сведкі і адразу адпусцяць. Нават не браў з сабой на допыт сумку з рэчамі першай неабходнасці, што стаяла напагатове пасля маіх першых сутак па адміністрацыйнай справе».
«Гэта была дэманстрацыя: далей будзе толькі горш»
Пасля ператрусу Іллю Міронава прывезлі на допыт у КДБ. Адтуль ён перамясціўся ў ІЧУ — ужо ў статусе падазраванага па частцы 2 артыкула 289.
Большую частку зняволення Іллю ўтрымлівалі ў невялікіх камерах 2 на 3 метры ў поўнай самоце. Без паўнавартасных перадач, матрацаў, зменнага адзення.
«Толькі першы час са мной у камеры знаходзіўся пажылы мужчына, раней асуджаны, як я зразумеў. У яго былі і прадукты, і бялізна, і матрац. Ëн мог спаць нават днём. А мне адміністрацыя ізалятара адразу сказала: «Твая паліца — зверху, ляжаць можна выключна з 22.00 да 6.00». Як толькі абапіраўся на ложак, адразу ж грукалі ў дзверы і нагадвалі мне пра раней агучаны рэжым. Сядзець і не рабіць нічога цэлымі днямі было самым складаным. Асабліва цяжка давалася апошняя гадзіна перад адбоем: арганізм настолькі стамляўся ад гультайства, што проста вырубаўся. Калі б камеры былі большымі, можна было б хаця б пахадзіць, а калі яна два метры, то і гэта рабілася немагчымым».
Некалькі разоў за ноч Іллю будзілі, патрабуючы спусціцца з другой паліцы да так званай «кармушкі» і назваць сваё імя і прозвішча. Джынсы, у якіх яго затрымалі, ён падкладаў пад галаву, а ручнік клаў на твар, каб засланіцца ад яркага святла, якое гарыць у ізалятары кругласуткава.
«Думаю, усё гэта было псіхалагічным ціскам. Дэманстрацыяй: як раней на сутках — з кампаніяй і песнямі, — ужо не будзе, будзе толькі горш», — каментуе Ілля.
Валанцёр быў упэўнены, што яго пратрымаюць у ізалятары ўсе 10 сутак і быў вельмі здзіўлены, калі яго адпусцілі дадому на восьмыя.
«На выхадзе мне вярнулі лісты, што прайшлі цэнзуру і дайшлі (непасрэдна ў камеру на гэты раз мне не перадавалі нічога, як і асадкі з паперай). Але я да апошняга быў упэўнены, што мяне зноў перазатрымаюць. Дарэчы, мне далёка не адразу вярнулі пашпарт і ключы. Вельмі пашанцавала, што маці, калі мяне выпусцілі, не знаходзілася на лецішчы. Так бы я нават не змог патрапіць дадому».
У гонар свайго вызвалення Ілля набыў для сябе і маці шампанскае. Кажа, што першыя гадзіны не паспяваў адказваць на званкі ад салідарных з ім людзей. Пасля гэтага валанцёр пару дзён вырашыў адпачыць на лецішчы, і ўжо з панядзелка вярнуўся да звычайнага жыцця. Толькі за апошнія пяць дзён ён адправіў палітвязням 45 лістоў і паспеў сабраць для сваякоў асуджаных прадуктовыя перадачы.
Ілля з маці Валянцінай
«Калі быў на допыце, спытаў у супрацоўнікаў: «Гэта супрацьзаконна — дапамагаць людзям?»
Дзякуючы сваёй дзейнасці, Ілля стаў досыць пазнавальным у Гомелі. Ëн расказвае, што пасля вызвалення пастаянна сутыкаецца з тым, што яму ціснуць руку, паказваюць здалёк «лайк», дзякуюць за яго працу. Пры гэтым мужчына застаецца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе і можа ў любы момант зноў апынуцца за кратамі.
«За мяне ўсе навокал хвалююцца і амаль усе раюць: «З’язджай». Але чаму я павінен з'язджаць, калі нічога дрэннага не рабіў? Тым больш таго, што цягне на акт тэрарызму. Я нават чужыя абражальныя каментары ў сябе на фэйсбуку вычышчаю. Калі быў на допыце, спытаў у супрацоўнікаў: «Гэта супрацьзаконна — дапамагаць людзям, падтрымліваць?» Мне ўсе адказвалі, што не. Ну, раз «не», я і далей буду гэтым займацца. Можа, калі б мне трэба было ратаваць дзяцей, я б даўно з’ехаў за мяжу. Але тут у мяне 71-гадовая маці, тут пахаваны тата, тут перад вачыма прыклады людзей, якія змагаліся за Беларусь да апошняга (накшталт праваабаронцы, старшыні Гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна» Леаніда Судаленкі), — разважае Ілля.
Больш за ўсё Іллі шкада тых васьмі згубленых дзён за кратамі, калі ён не мог адказваць на лісты і рабіць хоць нешта: для яго час без дапамогі іншым — згублены. Таму далей ён будзе працягваць сваю справу яшчэ больш інтэнсіўна, наганяючы страчанае.
«Думаю, маіх сіл і энергіі хопіць да таго часу, пакуль усё ў Беларусі не вернецца ў прававое рэчышча, і ўсе палітзняволеныя не апынуцца на свабодзе, дома, у коле сваіх блізкіх. Пакуль не спыніцца ціск на грамадзянскую супольнасць. Пакуль гэта не здарыцца, я буду пісаць і падтрымліваць усіх», — кажа Ілля.
Кожны, хто хоча падтрымаць Іллю, можа даслаць яму канверты, паштоўкі і маркі, якія ён пасля выкарыстае ў ліставанні з палітвязнямі. Звязацца з актывістам можна тут.
Ілля Міронаў. скончыў Гомельскі філіял міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» па спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве». Займаўся арганізацыяй канцэртаў, меў з бацькам фірму па аптымізацыі працэсаў у сельскай гаспадарцы. Сёння адзін з самых вядомых гомельскіх валанцёраў і актывістаў, за што неаднаразова трапляў на суткі і выклікаўся на прафілактычныя гутаркі.