Топяць за перамены і працуюць на прапаганду. Як па-рознаму склаўся лёс вядучых легендарнага ток-шоу «5х5»

Cёння модна жыць без тэлевізара, а ў дзявяностыя і нулявыя тэлебачанне глядзелі ўсе. Найбольшым попытам карысталася прадукцыя расійскіх каналаў, але ў нас была свая падстава для гонару: легендарнае моладзевае ток-шоу «5х5». У чым яго адметнасць і як склаліся лёсы яго вядучых? Спойлер: некаторыя знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў.

29.07.2021 / 14:21

Восем гадоў, больш за тысячу выпускаў

Цяжка паверыць, але «5х5» выходзіла ў жывым эфіры.

Тады гэта была самая вострая перадача на беларускім тэлебачанні. Падлеткі вольна абмяркоўвалі патрэбнасць фізкультуры ў школе і стасункі з настаўнікамі, месца жанчыны ў сям'і і здрады, наркаманію, падлеткавую злачыннасць і цяжарнасць.

Перадача з'явілася ў эфіры ў 1997-м і выходзіла восем гадоў, да 2005-га. За гэты час з’явіліся больш за тысячу выпускаў. Спачатку выходзіла раз на тыдзень цягам 20 хвілін. Пазней — чатыры разы на тыдзень. У аўторак «5x5. Инфо», у сераду ішлі дыскусіі, у чацвер ў праграму запрашаліся цікавыя людзі, у пятніцу «5х5» меў музычны фармат. Працягласць ток-шоу складала 52 хвіліны.

Натуральна, перадача ў такім фармаце не магла доўга існаваць на беларускім тэлебачанні. Замест «5х5» з'явіўся моладзевы праект «Плюс-мінус». «Пра яго можна сказаць сцісла так: варыяцыя БРСМ расійскай праграмы «Да бар'ера» Уладзіміра Салаўёва», — іранічна пісаў журналіст Вячаслаў Корсак.

За кадрам знаходзіліся генеральны прадзюсар Юрый Ігруша, рэжысёры Іван Пінігін (брат мастацкага кіраўніка Купалаўскага) і Уладзімір Драздоў (таксама выступаў у ролі вядучага). Але мы раскажам пра вядучых перадачы.

Першы склад вядучых

Першымі вядучымі былі чатыры чалавекі.

Дзмітрый Шэпелеў. Фота: instagram.com/dmitryshepelev

Самым вядомым з іх стаў Дзмітрый Шэпелеў. Пасля ён з’ехаў ва Украіну, дзе вёў розныя шоу на мясцовых каналах. У адным з іх працаваў разам з Уладзімірам Зяленскім. У 2008-м Дзмітрыя запрасілі ў Маскву на «Першы канал». Пэўны час Шэпелеў працаваў адначасова на дзве краіны, але ўрэшце канчаткова перайшоў на расійскае тэлебачанне.

Героем свецкай хронікі ён стаў пасля рамана з поп-зоркай Жаннай Фрыске, якая трагічна памерла. У 2013-м яна зацяжарыла ад Шэпелева, і пры абследаванні ў яе выявілі неаперабельную пухліну галаўнога мозгу. Фрыске нарадзіла здаровага сына, спрабавала лячыцца, але праз два гады памерла. Шэпелеў усімі сіламі падтрымліваў каханую, а пасля яе смерці выдаў кнігу «Жанна».

Доўгі час Дзмітрый працаваў на «Першым канале» Расіі, вёў перадачу «На самай справе», у якой удзельнікі абмяркоўвалі сямейныя канфлікты зорак ці адно аднаго. Летась перайшоў на ТНТ, вядзе сямейнае шоу «Ты як я».

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Шэпелеў асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Ён прызнаўся, што з'ехаў з Беларусі з-за палітыкі:

«Я з'ехаў з краіны збольшага таму, што разумеў: у мяне няма перспектыў у Беларусі. А няма іх у мяне па зразумелых прычынах: усё, што мне заставалася рабіць там праз нейкую колькасць гадоў працы на тэлебачанні, — гэта надзець шэры гальштук, шэры пінжак і сесці чытаць навіны пра пасяўныя і пра тое, што ў нас усё добра.

З'язджаючы з Беларусі, я ад'язджаў ад рэжыму. Я супраць рэчаў, якія там адбываюцца».

Кірыл Слука вельмі актыўна стартаваў на тэлебачанні (вёў шоу «Аднакласнікі»). Адначасова спрабаваў сябе як прадзюсар, спявак і вядучы.

Слука прыдумаў праект «Беларусь і я», вёў міжнародны конкурс маладых выканаўцаў на «Славянскім базары» і міжнародны дзіцячы конкус. Спяваў песні ў дуэце «Ка Слука да Ковалев» («Минск — это я», «Белоруссия» і іншыя). У сярэдзіне нулявых дуэт распаўся.

Слука, які атрымаў званне заслужага артыста Беларусі, з'ехаў у Маскву. У сярэдзіне дзясятых гадоў выступаў у маскоўскіх клубах.

Цяпер займаецца арганізацыяй забаўляльных мерапрыемстваў. Інтэрв'ю не дае.

Глеб Лаўроў трапіў на кастынг выпадкова, за кампанію з сябрамі.

Па яго словах, для перадачы Іван Пінігін «адбіраў пэўныя ролевыя элементы: напрыклад, высокую дзяўчынку, маленькую жвавую дзяўчынку, а я прайшоў пад кодавым імем «тоўсты разумны хлопчык».

Усе гэтыя гады адыгрываю такую ролю». 

Лаўроў атрымаў першую адукацыю ўпраўленца на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ. Потым каля шасці гадоў выкладаў на родным «палітэху». У пачатку 2000-х Агенцтву тэлевізійных навін спатрэбіўся «міжнароднік», які б меў тэлевізійны вопыт, і Лаўрова запрасілі на працу. Ён быў адным з вядучых перадачы «Макей і Лаўроў. Пра палітыку», што выходзіла ў рамках «Панарамы». Таксама быў рэдактарам праграмы «Клуб рэдактараў». Нядаўна перайшоў з БТ на АНТ, дзе выступае ў прапагандыскай праграме «Будет дополнено».

А вось чацвёртая вядучая, Ганна Дуркіна, знікла з публічнай прасторы. Вядома толькі, што ў сярэдзіне нулявых яна працавала на расійскім тэлеканале РТР.

ТНТ і рэстараны хуткага харчавання

Дзмітрый Шэпелеў і Ганна Таболіна

Падчас эфіраў у Шэпелева ў 1997-м здарыўся службовы раман: ён пачаў сустракацца з калегай па перадачы Ганнай Таболінай. Дзяўчына вагалася, на каго паступаць: на журналіста ці на доктара. Жартавала, што будзе весці на тэлебачанні медыцынскія перадачы. Урэшце выбрала медыцынскі.

Яны сустракаліся сем гадоў, ажаніліся, але праз тры тыдні развяліся і разышліся. Адкуль Санта-Барбара?

Сам Шэпелеў сцвярджаў, што Ганне пагражала размеркаванне ў правінцыю. Таму Дзмітрый прыйшоў на дапамогу. Ёсць і іншая версія: маўляў, Шэпелеў адразу пасля шлюбу з’ехаў у Кіеў, магчыма, там у яго з’явіліся адносіны. У выніку пара аформіла развод.

Ганна выйшла другі раз замуж за экс-вядучага, а цяпер бізнэсмена Юрыя Старцава, пара гадуе двух сыноў. Пэўны час Ганна працавала выкладчыцай на кафедры псіхатэрапіі і медыцынскай псхіалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

З Шэпелевым звязаныя лёс яшчэ аднаго вядучага. Менавіта ён прывёў на перадачу Дзяніса Кур'яна.

Яны вучыліся ў адной школе, але Дзяніс на некалькі класаў пазней.

«Я вёў канцэрты ў школе, Дзіма мяне заўважыў і запрасіў на кастынг. Я прыйшоў, нават не ведаючы, што там будзе. Я стаю ў чарзе, але, калі не памыляюся, Дзіма мяне тады абвёў вакол», — згадваў Кур'ян. За працу ён атрымліваў 100 даляраў.

Дзяніс зрабіў паспяховую кар'еру на БТ, вёў перадачы і гульні «Спортлато». Пазней перайшоў на ОНТ, дзе вёў праекты «Мой бізнэс» і праграму «Наша раніца». З'яўляўся каментатарам і вядучым «Еўрабачання», «Оскара» і «Грэмі». Пакрысе ён сышоў у бізнэс. Адкрыў сетку рэстаранаў хуткага харчавання «Мама дома», з'яўляецца іх уладальнікам.

«Разумеў, што тэлебачанне застанецца хобі, а не асноўным месцам. Напрыклад, Дзіма Шэпелеў заўсёды хацеў і ведаў, што хоча працаваць на галоўных тэлеканалах, прычым, натуральна там, дзе ёсць рынак. А я не з таго цеста. Проста прыйшоў на Макаёнка, у мяне атрымалася, і я палюбіў гэты жанр. Але я не тэлевядучы па жыцці», — прызнаваўся Кур'ян.

У 2020 годзе Дзяніс асудзіў гвалт сілавікоў, запусціў сваё шоу на YouTube пра бізнэс — «Дзе грошы, Дзяніс?».

Кацярына Пытлева прыйшла на перадачу, калі ёй было 14 гадоў.

«Рэжысёр набіраў актыўных дзяцей са школ, і мяне адправілі таксама… у якасці карэспандэнта праграмы. Але, яшчэ да першага эфіру, я, мабыць, чымсьці звярнула на сябе ўвагу, так што ў хуткім часе мяне зрабілі адной з вядучых, а пазней далі адну праграму на тыдзень весці наогул одной», — расказвала яна.

Потым Пытлева вяла праграмы на тэлебачанні («Клiп-абойма», «Пікнік», «120/80 news»), агучвала музычныя навіны на АНТ, працавала на радыё «Мир» аўтарам і вядучай праграм на інтэрнет-тэлебачанні TUT.BY. А яшчэ з’яўлялася франтмэнам гуртоў «Персона», «Клёндайк» і Soulkitchen. У «Клёндайку» яна выступала разам з вядомым музыкантам Максімам Івашыным, калегам Аляксандра Кулінковіча па «Нейра Дзюбель», у Soulkitchen — з роднай сястрой.

Год таму, у ліпені 2020-га, Пытлева напісала эмацыйны пост у фэйсбуку, у якім выказала нязгоду з масавымі затрыманнямі і сітуацыяй вакол крамы Symbal.by. На наступны дзень кіраўніцтва БТ прыбрала яе з эфіру:

Кацярына з'яўлялася вядучай праекта «Дзень у Вялікім Горадзе» на БТ. Хоць заставалася яшчэ тры праграмы да таго, як праект мусіў пайсці ў летні адпачынак, Пытлева вырашыла не чакаць звальнення і сышла з тэлеканала сама. Гэтаму папярэднічала размова з кіраўніком БТ, які адчытваў супрацоўнікаў, якія выказваюцца адрозна афіцыйнай лініі прапаганды.

Увосень 2020-го Каця была вымушана пакінуць Беларусь, асцерагаючыся крымінальнага пераследу. Цяпер яна вядучая палітычных праграм, працуе ў праекце «Маланка» на YouTube. 

Іван Падрэз таксама пачынаў на моладзевым ток-шоу. «У тыя гады «5х5» была адзінай праграмай для моладзі. Так, вядучых пазнавалі на вуліцах. Але для мяне гэта было хутчэй нязручнасцю, чым дывідэндам ад прысутнасці ў кадры», — расказваў ён у інтэрв'ю.

Падрэз вядомы інтэлектуалам як удзельнік беларускай «Што? Дзе? Калі?», меламанам — як удзельнік гурта Atlantica. Але кар'еру ён зрабіў на тэлебачанні: вёў праграму «ТБ-таксі» на АНТ і «Тату шоу» на радыё АНТ, фіналы конкурсаў прыгажосці, праекты «Легенды Live» і «Талент краіны».

«Заўсёды было неверагоднае жаданне, каб праграмны кантэнт быў на роднай мове, — расказваў Іван. — Напрыклад, калі казаць пра радыё АНТ, то вось ужо некалькі гадоў пры адборы кампазіцый для ратацыі аддаём перавагу менавіта беларускамоўным.

Многія беларускамоўныя гурты (такія як Hurmа, Nаvi і шэраг іншых, «якія стрэлілі») упершыню патрапілі ў радыёэфір менавіта ў нас».

Пікам яго кар'еры стала пасада дырэктара дырэкцый спецпраектаў тэлеканала АНТ. Але займаў ён яе нядоўга: снежань 2017 — май 2018. Як сцвярджаецца ў сацыяльных сетках Падрэза, з лета таго ж года ён працуе з інтэрнацыяльнай кампаніяй mediacube.network, якая займаецца вытворчасцю і трансляцыяй медыяматэрыялаў.

Іван асудзіў дзеянні сілавікоў, якія збівалі мірных дэманстрантаў. Таксама актыўна выказваецца ў падтрымку адваката і палітвязня Максіма Знака, з якім Падрэз вучыўся ў адной школе.

Павел Залуцкі пасля школы паступіў на факультэт міжнародных адносінаў. Але на другім курсе з’ехаў па абмене ў ЗША, дзе і застаўся на 11 гадоў.

Паступіў ва Універсітэт Місуры, вывучаў драму і рэжысуру. 

Вярнуўшыся ў Мінск, Залуцкі пайшоў у стэндап. Пераехаў у Расію, дзе паспяхова выступае. Зрабіў камін-аўт і прызнаўся, што гей. Быў удзельнікам праекта «Жаночы стэндап» на ТНТ. Жартуе і на палітычныя тэмы, напрыклад пра АМАП.

Нічога дзіўнага: яшчэ ў 1999-м Павел з усёй сям’ёй удзельнічаў у «Маршы Свабоды».

Прабачэнне за ўдзел у прапагандзе і праца за мяжой

Вольга Кукса пэўны час працавала на тэлебачанні. Але ў 2006-м з’ехала ў Парыж на вучобу. Спачатку вывучала французскую мову разам з іншымі замежнымі студэнтамі, пасля паступіла на гістарычны факультэт знакамітай Сарбоны.

Але там не было аддзялення для падрыхтоўкі гідаў. Таму пасля Вольга адвучылася год у Ліонскім універсітэце, здала іспыты, прайшла стажыроўку — пасля чаго у 2012-м атрымала дзяржаўны дыплом экскурсавода. Ён дае права праводзіць экскурсію на ўсёй тэрыторыі Францыі. Цяпер Вольга працуе гідам у Парыжы.

Таксама за мяжу з’ехала і Вольга Ільюшчанка. Напрыканцы нулявых гадоў яна жыла і працавала ў Германіі. Іншай інфармацыі пра яе ў публічнай прасторы няма.

Віталь Маліноўскі прайшоў кастынг з другой спробы.

Вёў рубрыку «Музычная пятніца» разам з Кацярынай Пытлевай.

«Прызнаюся, было не вельмі камфортна працаваць з аўдыторыяй, больш падабалася гаварыць у камеру. Аднойчы мяне нават… выгналі з праграмы, але потым зноў узялі», — згадваў ён.

Пасля ён працаваў на беларускамоўнай радыёстанцыі «Сталіца». Цяпер галоўны рэдактар «Радыё-Мінск».

Таксама на «5×5» працавала Наталля Копацева. Пазней яна пачала працу ў Агенцтве тэленавінаў. У 2010-м была прызнана лепшым рэпарцёрам. Праз дзесяць гадоў, у чэрвені 2020-га, яна напісала пост у сацыяльных сетках і папрасіла прабачэнне, што займалася прапагандай.

«Мне 19, і я імгненна закручваюся ў гэтым млынку для кавы. Пачынаецца з прасцяцкага — сюжэты пра заапарк і дарожнікаў, опа, у яе атрымліваецца, дык дамо ёй творчую тэмку для выніковай праграмы выхаднога дня. Хронаметраж ужо 5-8 хвілін. Ага, ды ў яе і гэта атрымліваецца. А сёння там мітынг, а з’ездзі ды здымі.

Ведайце, мне 33, а ТАМ нічога не змянілася. Здымаць вулічныя пратэсты па-ранейшаму адпраўляюць учорашніх выпускнікоў. Рабоў. Так гэта і называецца ў мацёрых… якое ж іншае слова падабраць, акрамя прапагандыстаў.

Самі яны на такія здымкі не выязджалі і не выязджаюць. Баяцца».

Nashaniva.com