За абразу пракуроркі Таратынка мужчыну пакаралі двума гадамі хатняй хіміі
У судзе Першамайскага раёна Мінска разглядзелі справу ў дачыненні да Дзмітрыя Невяроўскага, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).
29.07.2021 / 15:08
Паводле абвінавачвання, Дзмітрый Невяроўскі пакінуў абразлівы нецэнзурны каментар у адным з тэлеграм-чатаў пад фота старшай памочніцы пракурора Фрунзенскага раёна Валерыі Таратынка, чым прынізіў яе гонар і годнасць. Каментар быў даступны для неабмежаванага кола карыстальнікаў інтэрнэт, паведамляюць праваабаронцы.
Абвінавачаны знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах, вядома, што мае 3 групу інваліднасці. У судзе абараняў сябе сам. Ён поўнасцю прызнаў віну.
Валерыя Таратынка расказала, што 7 снежня 2020 года ў адным з тэлеграм-каналаў былі размешчаныя фота і персанальныя даныя, у тым ліку сведчанні пра асабістае жыццё: месца пражывання, мабільны тэлефон, пашпартныя звесткі. Там жа было ўказанае і службовае становішча.
Пазней — 15 студзеня 2021 года — указаны запіс быў прадубляваны ў іншым тэлеграм-канале, на якім мелася магчымасць каментавання. У гэты ж дзень і наступныя дні пад запісам былі размешчаныя абразлівыя каментары, у тым ліку і абвінавачаным.
Абвінавачаны выбачыўся перад пацярпелай, патлумачыў, што ў той вечар прачытаў шмат навінаў, быў усхваляваны і ў тэлеграм-канале пабачыў фота і апісанне пра пракурора, пакінуў каментар. У судзе казаў, што яго дзеянне не было справядлівым, звычайна ён нікога не абражае.
«Гэта было зроблена мной па глупстве, у той момант я не ведаў, да чаго гэта можа прывесці».
Таратынка прыняла прабачэнні, выказала спадзяванне, што Невяроўскі зробіць адпаведныя высновы і больш не парушыць закон. Пасля гэтага яна пакінула залу суда.
29 ліпеня суд агучыў прысуд. Максім Трусевіч палічыў віну Дзмітрыя Невяроўскага даказанай і прызначыў яму пакаранне ў два гады хатняй хіміі.
Мабільны тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства, а канфіскаваныя рэчавыя доказы — знішчыць.