Чарговая буйная партыя беларускіх цыгарэт на мяжы: палякі затрымалі груз на $2,3 млн

За такую вялікую колькасць кантрабанды цыгарэт ён можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 10 гадоў, піша Польскае радыё.

29.07.2021 / 18:19

Кантрабанда 600 тысяч пачак цыгарэт без польскіх акцызных марак была знойдзена супрацоўнікамі Падляшскай падатковай адміністрацыі на памежным пераходзе з Беларуссю ў Кузніцы. Нелегальны тавар перавозілі ў спецыяльных скрынях, якія імітуюць паддоны з дошкамі. Кошт кантрабанды ацэньваўся ў 2,3 млн даляраў.

Функцыянеры на памежным пераходзе ў Кузніцы затрымалі грузавік, якім кіраваў 28-гадовы беларус, які, паводле дакументаў, павінен быў перавозіць дошкі. Падчас дэталёвай праверкі грузавіка, якой папярэднічалі рэнтгенаўскія здымкі, высветлілася, што ў прычэпе, у спецыяльна падрыхтаваных скрынях, якія імітуюць паддоны з дошкамі, захоўваецца кантрабанда цыгарэт. Разгрузка і дакладны падлік занялі суткі.

Беларускі кіроўца быў часова арыштаваны на тры месяцы. За такую вялікую колькасць кантрабанды цыгарэт ён можа быць пазбаўлены волі на тэрмін да 10 гадоў.