Маёмасць Чыжа зноў не вынеслі: першы раз выканаўцаў напалохалі сабакі, другі раз — работнікі «Трайпла»
«Наша Ніва» працягвае назіраць за эпапеяй з арыштаванай маёмасцю Чыжа, якую маюць вынесці з ягонага дома ў Лагожаску: за кошт яе Чыж мае сплаціць яшчэ 225 тысяч былому менеджару Трайпла Мікалаю Чукісаву, якому права спагнання, у сваю чаргу, перадаў Уладзімір Япрынцаў.
31.07.2021 / 12:18
У першы прыход судовых выканаўцаў, 22 ліпеня, трапіць унутр дома ім не ўдалося, бо знутры па двары бегалі вялікія сабакі, якія брахалі і спалохалі супрацоўнікаў.
Учора, 30 ліпеня, выканаўцы зрабілі другую спробу трапіць за плот. Сабак там ужо не было: па пастанове органаў прымусовага выканання спецыялісты загналі іх у вальеры. Але ў выніку судовыя выканаўцы за дзверы дома ўсё адно не трапілі, удалося агледзець толькі ўчастак. Па словах прысутных, у гэты момант з’явіліся невядомыя, якія сталі замінаць трапіць у дом, пры гэтым адвакат Чыжа абгрунтавала адмову адкрыць дзверы «неналежным паведамленнем пра візіт».
«Судовы выканаўца склаў акт згодна са скаргай прадстаўніка даўжніка, дзеянні былі спынены згодна са скаргай, і працягнуцца ў найбліжэйшы час, пасля новага паведамлення», — сказаў «Нашай Ніве» Міхаіл Макараў, адвакат Мікалая Чукісава. Па яго словах, жыццю ягонага кліента пагражалі невядомыя абаронцы дома Юрыя Чыжа, якія былі распазнаныя ім як супрацоўнікі «Трайпла», у сувязі з чым Чукісаў будзе звяртацца з заявай у органы.
Дагэтуль невядома, ці знаходзіцца цяпер у доме Юрыя Чыжа раней апісаная маёмасць, якая павінна быць вынесена.
Юрый Чыж — некалі самы ўплывовы і набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Беларусі, чый бізнэс цяпер фактычна перастаў існаваць. «Трайпл» прызнаны банкрутам, сам Чыж — фігурант крымінальнай справы, а па кампенсацыю даўгоў стаіць чарга.