Захад не будзе ўводзіць санкцыі пасля выгнання Ціманоўскай. Эксперты — пра наступствы спартовага скандалу

Беларусь зноў трапіла на першыя старонкі заходніх СМІ праз скандал, на гэты раз — выгнанне з Алімпіяды Крысціны Ціманоўскай, якая публічна раскрытыкавала дзеянні спартыўных функцыянераў. Крысціну без яе ведама паставілі выступаць на дадатковай дыстанцыі. Якія палітычныя наступствы чакаюць Беларусь?

02.08.2021 / 15:17

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначае, што «гэта гісторыя не толькі пра механізмы работы нашай дзяржавы, але і пра рэпутацыю. Калі б спартыўныя чыноўнікі любой іншай краіны, акрамя Беларусі і, напэўна, КНДР, вырашылі давезці да аэрапорта спартсмена, знятага з гульняў за рознагалоссі са сваім начальствам, ніхто б нават не звярнуў увагі. А ў нашым выпадку ўсім, нават у далёкай Японіі, ясна, што можа пагражаць Ціманоўскай у краіне — донары еўрапейскай бяспекі».

«Лукашэнка можа раззлавацца»

Пры гэтым Шрайбман лічыць, што не варта чакаць рэзкай рэакцыі Захаду. 

«Усё ж такі гэты кейс не моцна вылучаецца з логікі паводзінаў беларускіх уладаў, — адзначае эксперт. — Ён не больш абуральны за жорсткія прысуды, якія выносяць у Беларусі ледзь не штотыдзень. Па выніку гэта вядзе да таго, што Захад працягвае ўспрымаць нашу краіну як рэжым, які варта стрымліваць і караць. Але я сумняюся, што рэакцыя ці санкцыі будуць менавіта на гэты кейс. Цалкам магчыма, што фігуранты справы з боку НАК трапяць у наступны пакет санкцый ЗША, Еўрасаюза ці асобных балтыйскіх краін, бо такія дзеянні можна палічыць палітычнымі рэпрэсіямі. Па факце Ціманоўскую пачалі «прэсаваць» пасля таго, як яна раскрытыкавала прадстаўнікоў улады. 

Па меркаванні аналітыка, санкцыі ў дачыненні да Беларусі могуць быць менавіта з боку спартыўных арганізацый. У такім выпадку «Лукашэнка можа раззлавацца». 

«Гэта можа адлюстравацца на больш пільным ідэалагічным адборы людзей, якія прадстаўляюць Беларусь на спаборніцтвах. Спартоўцаў, якія падпісалі петыцыі ці заявы супраць гвалту, могуць перастаць да іх дапускаць, бо будуць лічыць ненадзейнымі. Думаю, магчымыя і пакаранні чыноўнікаў, якія дапусцілі, каб гэтая сітуацыя вылілася ў такі скандал». 

«У Беларусі крызіс не скончыўся»

Эксперт Еўрапейскага цэнтра міжнародных адносін (ECFR) Павел Слюнкін лічыць, што кейс Ціманоўскай хутчэй паказвае Захаду, што «ў Беларусі не ўсё добра, крызіс не скончыўся і трэба ім займацца». 

«Што тычыцца нейкіх санкцый, інтарэсы Захаду тут наўпрост не закранаюцца. У сухім астатку спартсменку проста знялі са спаборніцтваў за тое, што яна крытычна выказалася наконт свайго кіраўніцтва. Я б не чакаў моцнай палітычнай рэакцыі з боку заходніх краін. Думаю, калі яна будзе, то толькі ад спартыўных камітэтаў». 

Слюнкін мяркуе, што хаця сітуацыя з Ціманоўскай недапушчальная, але ён не бачыць, каб палітыкі «вельмі гучна выказваліся ці заклікалі да чагосьці». 

«А гэта было, калі адбыўся рэйс з Пратасевічам. Розніца паміж гэтымі выпадкамі відавочная. У сітуацыі з Ryanair былі парушаныя правілы авіазлучэння. Гэта быў унутрыеўрапейскі рэйс, які пралятаў транзітам праз Беларусь. Да таго ж, на борце знаходзіліся еўрапейскія грамадзяне. Выпадак з Ціманоўскай іншы, таму тут варта чакаць рытарычнага асуджэння і санкцый з боку МАК. Магчыма, у асабісты санкцыйны спіс уключаць датычных да скандалу людзей, — дадае Слюнкін. — Але ж самае важнае: гэты скандал паказвае, што крызіс у Беларусі не скончаны і будзе працягвацца далей. 

«Рэзкіх палітычных дзеянняў не будзе»

Дырэктар па даследаваннях Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня кажа, што палітычная сістэма Беларусі функцыянуе ў рэжыме, калі любое праяўленне нелаяльнасці ўспрымаецца як выклік, на які трэба рэагаваць максімальна жорстка. 

«Рэпрэсіямі прасякнутыя шмат якія дзяржаўныя органы. І яны лічаць, што калі паступяць не так рэзка, то трапяць у няміласць Лукашэнкі, — распавядае ён. — Што тычыцца наступстваў, мне здаецца, цяпер трэба чакаць расследавання з боку МАК. І ўжо пасля могуць быць накладзеныя санкцыі, якія закрануць спартовае ўзаемадзеянне». 

На думку палітолага, нейкіх рэзкіх палітычных дзеянняў ад уладаў іншых дзяржаў адносна гэтага выпадку хутчэй за ўсё не будзе. 

«Гэтая сітуацыя не з’яўляецца надзвычайнай сітуацыяй у кантэксце тых рэпрэсій, якія адбываюцца ўнутры Беларусі. Мы бачылі вельмі розныя іх праяўленні цягам апошняга году, таму я не думаю, што тут можна казаць пра нейкі новы ўзровень», — суміруе Астапеня.

Nashaniva.com