Серыял «Саўс-парк» працягнулі яшчэ на шэсць сезонаў

Стваральнікі мультсерыяла «South Park» Мэт Стоўн і Трэй Паркер падпісалі новы кантракт з амерыканскай карпарацыяй ViacomCBS.

06.08.2021 / 08:58

Кантракт, разлічаны да 2027 года, прадугледжвае выпуск яшчэ шасці сезонаў «Паўднёвага Парку» для тэлеканала Comedy Central і стварэнне 14 поўнаметражных фільмаў для стрымінгавага сэрвісу Paramount+, паведамляе meduza.io

Заяўленыя фільмы будуць спін-офамі арыгінальнага серыяла, а першая карціна, дзеянне якой будзе адбывацца ў свеце «Саўс-Парку», выйдзе на экраны да канца 2021 года.

Па ўмовах кантракту, ViacomCBS заплаціць Мэтту Стоўну і Трэю Паркеру больш за 900 мільёнаў даляраў, што робіць гэтую здзелку адной з самых буйных у гісторыі тэлебачання.

Серыял выходзіць з 1997 года. Гэта адзін з самых працяглых серыялаў на тэлебачанні. Ён застаецца самым папулярным тэлешоу на Comedy Central.

Nashaniva.com