Год таму ў Беларусі з’явіліся «Дыджэі перамен»

Гукарэжысёры Уладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў на афіцыйным канцэрце ў Кіеўскім скверы ў Мінску 6 жніўня 2020 года ўключылі для людзей песню «Перамен» Віктара Цоя.

06.08.2021 / 11:20

Гэта сарвала авацыі тысяч беларусаў, што прыйшлі падтрымаць Святлану Ціханоўскую, хоць гэта і прыйшлося рабіць на «Дні адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі», а не ў межах афіцыйнага агітацыйнага мітынгу, які ўлады ў апошні момант не далі правесці аб’яднанаму штабу.

За трэк Цоя хлопцы атрымалі 10 сутак арышту, а пасля былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Але для беларусаў яны сталі і застаюцца сімваламі перамен. 

У іх гонар неаднаразова з’яўляліся муралы, а мінскі двор на Смаргоўскім тракце — Чарвякова, дзе графіці замалёўвалі і аднаўлялі больш за дзесяць разоў, атрымаў народную назву «Плошча Перамен».

Nashaniva.com