Да Уладзіміра Мацкевіча не пускаюць яго адваката. Магчыма, філосафа ўжо дапыталі

Адвакат Уладзіміра Мацкевіча Дзмітрый Лазавік паведаміў «Нашай Ніве», што ён дагэтуль не змог наведаць свайго падабароннага, якога затрымалі два дні таму. Па яго меркаванні, з філосафам ужо маглі праводзіцца следчыя дзеянні.

06.08.2021 / 12:27

«4 жніўня з’явілася інфармацыя, што ва Уладзіміра праводзіцца ператрус, з ім знікла сувязь, у нас быў інфармацыйны вакуум, — распавёў Дзмітрый Лазавік. — Учора каля 10 раніцы з’явіўся спіс тых, хто ўтрымліваецца на Акрэсціна. Там было і прозвішча Мацкевіча. Праз 20 хвілін я прыехаў на Акрэсціна, прадставіўся, папрасіў наведаць свайго падабароннага.

Дзяжурны адказаў мне, што гэта можна зрабіць толькі з дазволу следчага. Я ўдакладніў, за кім замацаваны Мацкевіч. Мне адказалі: за Следчым камітэтам па Мінску. Праз некалькі гадзін я адвёз туды апавяшчэнне аб прыняцці абароны.

Сёння з раніцы я зноў прыехаў у СК, але ў іх адбывалася «мерапрыемства па ўручэнні пасведчанняў». Са следчым я скамунікавацца не змог. Пакуль што мне не ўдалося наведаць Уладзіміра Мацкевіча, але мяркую, што 4 жніўня з ім праводзіліся нейкія следчыя дзеянні. Дапускаю, што гэта адбывалася з парушэннямі, бо ён ведаў пра наяўнасць у яго адваката. І калі яму тлумачылі правы, ён дакладна прасіў бы мяне выклікаць. Сёння днём я буду яшчэ раз спрабаваць сустрэцца з падабаронным».

Nashaniva.com