Маршы, арышты і пахаванні. Год пасля выбараў у 50 эмацыйных ФОТА
Боль, радасць, адчай, надзея, страх, натхненне… За год пасля выбарчай кампаніі беларусы перажылі многае. «Гэтага проста не можа быць!» — безліч разоў усклікалі мы. «Наша Ніва» згадвае самыя эмацыйныя кадры тых падзей.
09.08.2021 / 09:06
21 мая 2020 года. Віктар і Эдуард Бабарыкі ідуць падаваць дакументы ў ЦВК. Цяпер былы банкір у наваполацкай калоніі №1 — ён атрымаў 14 год строгага рэжыму. Эдуард усё яшчэ чакае суда ў СІЗА.
31 мая 2020 года. Пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай на Камароўцы. Каб пакінуць подпіс, людзі чакалі ў гіганцкіх чэргах.
18 чэрвеня 2020 года. У гэты дзень затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына. Увечары людзі выстройваюцца ў ланцугі салідарнасці на некалькі кіламетраў і не сыходзяць, нягледзячы на залеву.
19 чэрвеня 2020 года. Апошні дзень перадвыбарчых пікетаў скончыўся затрыманнямі. Мужчыну знялі наўпрост з ровара, а карэспандэнтку «Радыё Свабода» Аляксандру Дынько павялі ў бус падчас жывога эфіру.
22 ліпеня 2020 года. Вольга Севярынец чакае пасля сутак мужа Паўла пад Акрэсціна. Яго так і не выпусцяць: ні ў той дзень, ні пазней. У маі 2021 года Паўлу прысудзяць сем гадоў калоніі.
24 ліпеня 2020 года. Трыа Ціханоўскай, Калеснікавай і Цапкала прыехала на сустрэчу з Віцебскам. Аб’яднаны штаб адправіўся ў тур па гарадах. Нават у райцэнтрах іх мітынгі збіралі тысячы людзей.
6 жніўня 2020 года. У Кіеўскім скверы адмянілі запланаваны мітынг трох штабоў і замест яго арганізавалі дзень адчыненых дзвярэй устаноў адукацыі. Але дыджэі Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі нечакана ўключылі песню «Перамен» Цоя і паднялі рукі з белымі бранзалетамі.
9 жніўня 2020 года. Святлану Ціханоўскую атачылі журналісты ля ўчастка, дзе яна прагаласавала.
9 жніўня 2020 года. Увечары пасля выбараў людзі сабраліся ў цэнтры Мінска. Аўтазак на хуткасці ўехаў у натоўп, пратэстоўцы паспрабавалі яго спыніць. Адзін з мужчын, які павіс на кабіне, сарваўся і трапіў пад колы аўтазака, але застаўся жывы.
10 жніўня 2020 года. Пратэстоўцаў разганяюць з дапамогай святлошумавых гранат і гумавых куляў. Знаходзіцца ў горадзе было небяспечна: амапаўцы ўрываліся нават у крамы і затрымлівалі выпадковых гараджан.
10 жніўня 2020 года. Людзі перыядычна размаўляюць з сілавікамі, просяць не ўжываць сілу і быць з народам. У гэтую ноч стала вядома пра першую ахвяру — застрэлілі Аляксандра Тарайкоўскага.
13 жніўня 2020 года. Дзяўчаты ў белым з кветкамі выйшлі на вуліцы Мінска, каб заклікаць улады спыніць гвалт. Першая жаночая акцыя прайшла напярэдадні на Камароўцы.
13 жніўня 2020 года. Стыхійныя акцыі супраць гвалту ахапілі Мінск. Людзі ўсміхаюцца адно аднаму, машыны сігналяць, і здаецца, што чорныя дні адступаюць.
13 жніўня 2020 года. Уначы з турмаў сталі выпускаць затрыманых на пратэстах (за 9-12 жніўня было схоплена больш за сем тысяч чалавек). Пад Акрэсціна сабралася шмат сваякоў, якія не маглі знайсці сваіх блізкіх, і валанцёраў, гатовых адвезці людзей дамоў. Вызваленыя плачуць, бо перажылі страшнае: іх трымалі амаль без ежы і вады, у перапоўненых камерах. З дзяўчат здзекаваліся, мужчын збівалі.
14 жніўня 2020 года. Дзяўчаты абдымаюць разгубленага вайскоўца. На некалькі дзён гвалт і затрыманні спыніліся, людзі патрабуюць дыялогу з уладамі.
15 жніўня 2020 года. Пахаванне Аляксандра Тарайкоўскага. МУС заявіла, што ён памёр, бо ў яго руцэ ўзарвалася самаробная выбуховая прылада, але відэа, якое з’явіцца пазней, абвергне гэтую версію. У завядзенні крымінальнай справы па факце забойства будзе адмоўлена.
15 жніўня 2020 года. Людзі сабраліся ля БТ і патрабуюць паказаць праўду. На фота — танец «Лебядзінае возера». Улагоджваць сітуацыю прыехала Наталля Качанава.
16 жніўня 2020 года. Першы нядзельны марш у Мінску, які сабраў каля 400 тысяч чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі.
16 жніўня 2020 года. Людское мора ля Стэлы, дзе яшчэ нядаўна ўзрываліся гранаты. Пасля гэтых кадраў беларусамі захапляўся ўвесь свет.
17 жніўня 2020 года. Падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі на МЗКТ рабочыя крычаць яму «Сыходзь». Людзі, што сабраліся каля завода, праводзяць верталёт з Лукашэнкам.
17 жніўня 2020 года. Рабочыя розных заводаў збіраюцца абвесціць забастоўку. Фарміруюцца стачкамы.
17 жніўня 2020 года. Да медыкаў, якія патрабавалі аказаць пацярпелым належную дапамогу, выйшаў Уладзімір Каранік, міністр аховы здароўя на той момант. З сустрэчы ён з’язджаў пад воклічы «Ганьба!».
23 жніўня 2020 года. Другі нядзельны марш сабраў на праспекце пад 200 тысяч чалавек.
23 жніўня 2020 года. Лукашэнка прыляцеў да Палаца Незалежнасці з аўтаматам. Калі пратэстоўцы сышлі, ён выйшаў да амапаўцаў. «Красаўцы!» — пахваліў сілавікоў Лукашэнка.
29 жніўня 2020 года. Суботні жаночы марш, які таксама стане традыцыйным. Жанчыны выходзілі асобна, бо іх спачатку не затрымлівалі.
30 жніўня 2020 года. Жанчына стаіць на каленях перад сілавікамі падчас нядзельнага марша.
30 жніўня 2020 года. Людзі ляглі на зямлю перад ачапленнем. Пратэстоўцы так падкрэслівалі, што іх акцыі мірныя.
30 жніўня 2020 года. Дзве калоны пратэстоўцаў яднаюцца і працягваюць марш. Многія нясуць самаробныя падарункі і іранічныя плакаты з віншаваннямі да дня народзінаў Лукашэнкі.
30 жніўня 2020 года. Дзяўчаты цалуюцца на фоне сцяны з сілавікоў — яшчэ адно фота, якое абляцела свет.
1 верасня 2020 года. Першая студэнцкая акцыя. У гэты дзень моладзь зладзіла шэсце па горадзе. Пасля пачаліся сядзячыя пратэсты ў холах і на прыступках універсітэтаў.
1 верасня 2020 года. Адным з пунктаў вячэрніх збораў была плошча Незалежнасці. Жанчыны закрывалі сабой мужчын, каб тых не затрымалі. Аднойчы, калі людзі хаваліся ў Чырвоным касцёле, іх замкнулі звонку і выставілі ачапленне на прыступках.
8 верасня 2020 года. Жаночыя маршы перасталі быць бяспечнымі. Дзяўчат і кабет прыціснулі да сцяны і не дазвалялі сысці.
9 верасня 2020 года. Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча на Плошчы перамен. Дваровыя сустрэчы, на якіх запрашалі музыкаў, праходзілі па ўсім горадзе. Суседзі знаёміліся, ствараліся дваровыя чаты, прыдумляліся сцягі раёнаў.
12 верасня 2020 года. Жорсткія затрыманні падчас суботняга жаночага марша. Дзяўчат цягалі за валасы, кідалі ў аўтазак. На адным з такіх маршаў (19 верасня) была затрымана грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ. Ёй прысудзілі 2,5 года калоніі за сарваную балаклаву.
13 верасня 2020 года. Нядзельны марш на Дразды сабраў больш за 100 тысяч чалавек. Нават у элітным пасёлку знайшліся людзі, якія хавалі пратэстоўцаў ад сілавікоў у сваіх катэджах.
23 верасня 2020 года. Дзень таемнай інаўгурацыі. Таемнай яна была нават для асобных гасцей: спявачкі сёстры Груздзевы думалі, што іх запрасілі на культурнае мерапрыемства ў музей ВАВ. Увечары людзі выйшлі выказаць пратэст — іх жорстка разагналі. Жанчыне на фота разбілі галаву.
4 кастрычніка 2020 года. На маршы зламаўся вадамёт. Некалькі пратэстоўцаў разабралі яго на хаду, пасля чаго струмень з вадой стаў біць уверх.
18 кастрычніка 2020 года. Марш на Партызанскім праспекце. У нейкі момант калона пратэстоўцаў развярнулася і пайшла на бусы з амапаўцамі, прымусіўшы іх уцякаць.
19 кастрычніка 2020 года. Марш пенсіянераў. Пажылыя ставілі сабе тэлеграм і вайбер, каб быць у курсе акцый. Да калоны далучаліся нават 80-гадовыя кабеты. У супрацьвагу ім лукашэнкаўцы сагналі калону адстаўнікоў з сілавых органаў.
19 кастрычніка 2020 года. Нязломная Ніна Багінская. У яе безліч разоў адбіралі сцяг, але яна кожны раз уласнаруч шыла новы і выходзіла ў горад.
22 кастрычніка 2020 года. Марш людзей з інваліднасцю. Адзін з удзельнікаў у інвалідным вазку — Георгій Сайкоўскі, якому ў часе разгону пратэстоўцаў на Пушкінскай гранатай адарвала ступню.
26 кастрычніка 2020 года. Дзень, калі была абвешчаная нацыянальная забастоўка, да якой далучыліся і студэнты. Многія бізнэсы, якія ў гэты дзень не працавалі, пасля былі вымушаныя закрыцца пад ціскам бясконцых праверак.
1 лістапада 2020 года. Нядзельны марш на Курапаты, да мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Сілавікі шмат разоў перакрывалі дэманстрантам дарогу, да фінальнай кропкі дайшлі некалькі тысяч чалавек. У той дзень былі затрыманыя больш за 300 чалавек.
12 лістапада 2020 года. Стыхійны народны мемарыял Раману Бандарэнку на Плошчы перамен. Напярэдадні людзі ў штацкім збілі маладога чалавека ў гэтым двары за тое, што ён паспрабаваў перашкодзіць зразанню бела-чырвоных стужак. Раман памёр на наступны дзень. Яму быў 31 год.
20 лістапада 2020 года. Пахаванне Рамана Бандарэнкі. За яго смерць дагэтуль ніхто не пакараны.
22 лістапада 2020 года. Калі ў цэнтры сталіцы збірацца стала немагчыма, людзі пачалі ладзіць раённыя маршы. Група пратэстоўцаў пад грукат барабанаў заняла курган у мікрараёне Паўднёвы Захад.
9 лютага 2021 года. Суд над журналісткамі «Белсата» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. За стрым з акцыі памяці з Раманам Бандарэнкам на Плошчы перамен дзяўчатам далі па два гады калоніі. Іх выцягнулі з кватэры, дзе яны вялі трансляцыю.
25 сакавіка 2021 года. Дзень волі мінчукі адзначылі салютамі ў розных раёнах. Іх запускалі ў 23.34 — артыкул пад гэтым нумарам стаў народным: за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях тысячы людзей атрымалі штрафы і суткі.
19 мая 2021 года. Кацярына Барысевіч абдымае дачку. Паўгода журналістка правяла за кратамі — за артыкул на Tut.by, дзе напісала, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Кацярыну звінавацілі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы. Доктар Арцём Сарокін, які пацвердзіў інфармацыю для журналісткі, атрымаў два гады калоніі з адтэрміноўкай на год.
26 мая 2021 года. Развітанне з Вітольдам Ашуркам. Ён быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі і памёр у шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах. Паводле афіцыйнай версіі, у палітвязня спынілася сэрца. Вядома, што апошнія дні яго трымалі ў ШІЗА. Вітольда пахавалі ў роднай Бярозаўцы пад бел-чырвона-белым сцягам.