Па ўсёй Беларусі ідуць затрыманні і прафілактычныя гутаркі напярэдадні гадавіны пратэстаў

будзе дапаўняцца

«Наша Ніва» атрымлівае інфармацыю, што ў розных гарадах Беларусі перад 9 жніўня адбываюцца прэвентыўныя затрыманні, а таксама агляды ў тых, хто затрымліваўся па «народных» артыкулах.

07.08.2021 / 12:22

Адзін з чытачоў нашага выдання паведамляе, што два тыдні таму да яго дадому прыходзілі міліцыянты і прасілі падпісаць паперу аб правядзенні прафілактычнай гутаркі. Мужчыну затрымлівалі ў маі, асудзілі па 24.23 ч.1 КаАП. 

Іншы чытач расказаў, што яго ўзялі проста ў РУУСе: мужчына прыйшоў на прафілактычную гутарку 5 жніўня, яго затрымалі «за непадпарадкаванне», ноч ён правёў у ІЧУ, а назаўтра адбыўся суд. Вынік — штраф 100 базавых велічынь. У ІЧУ ў камеры на шасцярых было 12 чалавек, ва ўсіх былі судзімасці па артыкулах 19.1 ці 23.4 КаАП, паведамляе ён. 

Яшчэ адзін мужчына паведамляе, што яго выклікалі па позве ў пракуратуру на «дачу тлумачэнняў». У выніку зачыталі артыкулы КаАП і КК, якія тычацца масавых мерапрыемстваў, і адпусцілі.

Таксама паведамляюць пра затрыманні і вобшукі ў Пінску, Кобрыне, Наваполацку. 

Выглядае, што ахвярай такіх прэвентыўных затрыманняў стала і мама Сяргея «Хлопотное дельце» Міронава: 61-гадовую Святлану Чапурка асудзілі 6 жніўня на 15 сутак па артыкуле 19.1 КаАП «Дробнае хуліганства».

Nashaniva.com