Ірак прыпыняе ўсе пасажырскія рэйсы ў Беларусь на нявызначаны тэрмін
Ірак прыпыняе ўсе пасажырскія рэйсы ў Беларусь на нявызначаны тэрмін. Самалёты з Багдада ў Мінск будуць лятаць, але толькі для таго, каб павезці іракцаў на радзіму. Пра гэта паведамляе Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Іраку на сваёй старонцы ў Facebook, перадае zerkalo.io.
07.08.2021 / 14:14
«У адпаведнасці з распараджэннямі ўрада Упраўленне грамадзянскай авіяцыі Ірака аб'яўляе аб прыпыненні ўсіх рэйсаў з Ірака ў Менск з авіякампаніяй «Іракскія авіялініі» або іншымі нацыянальнымі перавозчыкамі да далейшага паведамлення», — гаворыцца ў дакуменце.
«Рэйсы з Беларусі будуць дазволеныя толькі для вяртання іракскіх грамадзян, — гаворыцца ў заяве іракскага ведамства. — Гэтыя самалёты будуць вылятаць з Ірака без пасажыраў».
Нагадаем, 5 жніўня «Іракскія авіялініі» паведамілі аб прыпыненні рэйсаў у Менск на тыдзень.
З Багдада ў Мінск ляталі авіякампаніі Iraqi Airways (чатыры разы на тыдзень) і FlyBaghdad (двойчы на тыдзень). Раней паведамлялася, што ў жніўні рэйсы ў Мінск будуць адпраўляцца не толькі з Багдада, але і яшчэ з Басры, Эрбіля і Сулейманіі.
Літва і іншыя краіны Еўрасаюза абвінавачвалі Мінск у фактычнай арганізацыі нелегальнай міграцыі іракцаў у ЕС. Каб спыніць гэта, літоўскія памежнікі з дапамогай еўрапейскай памежнай службы «Фронтэкс» пачалі выправаджваць мігрантаў з беларускімі візамі тымі ж сцежкамі, якія яны прыйшлі. А паралельна еўрапейская дыпламатыя праводзіла перамовы з уладамі Ірака.
Еўрапейцы лічаць бязвізавы ўезд у Беларусь «з мэтаю вакцынацыі», нядаўна ўведзены беларускімі ўладамі для сямі дзясяткаў краін, пераважна Трэцяга свету, шырмай для нелегальнай міграцыі, бо ўзровень вакцынацыі ў самой Беларусі адзін з найніжэйшых у Еўропе.