Мэр Мінска загадаў прыбраць з найлепшых паліц у крамах тавары з краін, якія ўвялі санкцыі супраць Беларусі
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў падчас выязнога пашыранага пасяджэння прэзідыума Савета Рэспублікі абурыўся, што тавары з краін, якія ўвялі супраць Беларусі санкцыі, стаяць у беларускіх сеткавых крамах на найлепшых паліцах. Яго словы прыводзіць sb.by.
07.08.2021 / 18:11
Кіраўнік сталічнага гарвыканкама паведаміў, што 27 ліпеня была праведзена сур'ёзная і жорсткая нарада з прадстаўнікамі гандлёвых сетак, якія працуюць у Мінску:
— І мы адкрыта ім паставілі пытанне: што адбываецца? Сёння шэраг краін увялі супраць нас санкцыі — Украіна, Літва, Польшча, — а іх тавары (цукеркі, здоба, гарбата, пячэнне) стаяць у крамах на найлепшых паліцах! Пры гэтым айчынныя трэба яшчэ пашукаць. Таму мы жорстка паставілі перад сеткамі пытанне: ці сітуацыя мяняецца, ці мы будзем са свайго боку прымаць меры. Прычым, мяркую, такое рашэнне варта прымаць на ўзроўні ўсёй краіны.
Было агучана патрабаванне, каб на першым плане ў выкладцы тавараў была беларуская прадукцыя, але яно на гэты дзень гандлёвымі сеткамі не выканана.