Літва пабудуе агароджу на мяжы з Беларуссю за год

Металічны плот на ўчастку больш за 500 км на мяжы Літвы з Беларуссю будзе пабудаваны не за два гады, як паведамлялася раней, а за адзін год.

10.08.2021 / 12:16

Пра гэта ў аўторак заявіла журналістам міністр унутраных спраў Агне Білатайце.

«Без фізічнага бар'ера забяспечыць эфектыўную ахову мяжы немагчыма. З прыняццем спецыяльнага закона аб яго будаўніцтве загароду можна будзе ўзвесці не за два, а за адзін год», — сказала яна.

У аўторак парламент Літвы сабраўся на пазачарговую сесію для абмеркавання пакета законапраектаў па барацьбе з нелегальнай міграцыяй. На парадку дня знаходзіцца праект закона, які надае будаўніцтву пагранічнага плота статус праекта нацыянальнага значэння.

Nashaniva.com