«Мы не збіраліся сыходзіць з Беларусі»: кіраўнік EPAM Аркадзь Добкін пракаментаваў словы Лукашэнкі
9 жніўня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка сказаў, што «нейкі EPAM і іншыя, Добкін або Дробкін (…) грошы сюды пералічваў на пратэсныя акцыі». Таксама ён заявіў, што: «Мы павінны бачыць усе фінансавыя патокі. Рабіце прадукт, атрымлівайце грошы, але яны павінны быць тут».
10.08.2021 / 13:35
Кіраўнік EPAM даў dev.by з гэтай нагоды афіцыйны каментар.
«Каментар, які прагучаў, безумоўна, нельга назваць прыемным або доўгачаканым для мяне ці кампаніі. І, на наш погляд, мае сэнс проста коратка пракаментаваць бягучую сітуацыю і ахарактарызаваць пазіцыю EPAM у цэлым.
Мы вядзем бізнэс у Беларусі і іншых краінах свету больш за 25 гадоў і ставімся да гэтага выключна адказна. З поўным разуменнем усіх асацыяваных глабальных і лакальных рызык. Адказна перш за ўсё перад нашымі супрацоўнікамі, кліентамі, інвестарамі, і перад краінай, безумоўна, таксама. Што гэта значыць?
Гэта значыць, што наша адказнасць перад супрацоўнікамі, кліентамі і інвестарамі ніколі не дазваляла нам прадпрымаць неабдуманыя і неправамерныя крокі, якія маглі б прывесці да рызык парушэння вытворчай дзейнасці кампаніі, або, прасцей кажучы, да страты рэпутацыі.
Гэтымі прынцыпамі кіруюцца ўсе адміністрацыйныя кіраўнікі EPAM і глабальна, і ў Беларусі, і ў іншых рэгіёнах. У дадатак ўсе фінансавыя аперацыі EPAM як глабальнай публічнай кампаніі, а таксама і персанальныя фінансавыя аперацыі яе ключавых адміністрацыйных кіраўнікоў, якія могуць прама ці ўскосна паўплываць на аперацыйную дзейнасць кампаніі, строга рэгламентуюцца Саветам дырэктараў і праходзяць шматлікія міжнародныя аўдыты, што не пакідае месца для некарэктных тлумачэнняў, здагадак або каментароў.
Гэта таксама значыць, і гэта выключна важна, што мы не збіраліся сыходзіць з Беларусі. І пакуль ёсць маладыя людзі, гатовыя вучыцца, пакуль ёсць таленты, якія гатовыя жыць і працаваць у краіне, і пакуль ёсць кліенты, якія цэняць гэты талент і гатовыя працаваць з EPAM Беларусь — мы плануем працягваць працаваць і развіваць кампанію тут.
Пакуль нас не вымусяць краіну пакінуць…
ЕРАМ сёння ўваходзіць у эліту сусветнага ІТ.
Мы жывем і працуем у амаль 40 краінах свету і расцем амаль на 40% у год. Толькі за тры апошнія месяцы EPAM вырас больш чым на 4 тысячы чалавек глабальна.
У 2021 годзе нас стане больш на больш чым 10 тысяч таленавітых інжынераў, дызайнераў, і кансультантаў па ўсім свеце.
Беларусь была адной з прычын, чаму ў нас атрымалася зрабіць усё гэта, амаль немагчымае.
І мы спадзяемся, што яна будзе часткай EPAM яшчэ доўгія гады».