Міліцыя страляла ў жыхара Чавусаў. Кажуць, ён пагражаў сякерай мясцовым жыхарам
Інцыдэнт здарыўся 10 жніўня. У міліцыю пазванілі людзі, якія распавялі, што каля дамоў бегае п’яны мужчына з сякерай. Прэс-сакратар МУС кажа, што зламысніка спачатку спрабавалі супакоіць, угаворвалі выкінуць сякеру. Але той адмаўляўся.
11.08.2021 / 13:12
Тады міліцыянеры акружылі мужчыну, некалькі разоў стрэльнулі ў паветра, сцвярджае прэс-сакратар МУС, але дэбашыр не супакойваўся, таму сілавікі выстралілі ў яго.
Як стала вядома «Нашай ніве», мужчыну завуць Антон Галубцоў, яму 34 гады. Мужчына жыве ў Чавусах. Жанаты, ёсць дзеці, раней быў судзімы.
Па словах брата, Антон жывы, у бальніцы. Заведзена крымінальная справа — за гвалт у адносінах да сілавікоў.