У Беларусі не ўдалося зрабіць аналаг расійскай вакцыны «Спутнік V»
Пра гэта Аляксандр Косінец паведаміў Аляксандру Лукашэнку падчас паездкі на прадпрыемства «БелВітуніфарм» у Віцебскім раёне, дзе плануецца наладзіць выпуск беларускай вакцыны ад COVID-19.
12.08.2021 / 16:01
Косінец патлумачыў, што на прадпрыемстве будзе вырабляцца ў вялікіх аб'ёмах інактываваная вакцына, нікуды яе перавозіць не трэба.
Лукашэнка перапытаў: «Інактываваная — гэта не тая, што ў Расіі?»
«Не, Аляксандр Рыгоравіч, той не атрымаўся варыянт. Рэспубліканскі цэнтр эпідэміялогіі і мікрабіялогіі атрымаў культуру клетак, атрымаў адэнавірус першага ўвядзення, другога — не змаглі…» — адказаў Косінец.
Сюжэт пра гэта апублікаваў тэлеграм-канал «Пул першага».
Сёння міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч сказаў, што ў грамадзянскі абарот вакцына паступіць у 2023 годзе.