Апошні нумар «Новага Часу» адправілі падпісчыкам — больш газеты не будзе

«Сёння запакавалі і адправілі падпісчыкам апошні пры гэтай уладзе папяровы «Новы Час». Шчыры дзякуй усім, хто быў разам усе гэтыя гады! Без вас нічога б не атрымалася. Мы ячшэ абавязкова вернемся. Сустрэнемся ў Новай Беларусі!», — напісала ў сваім фэйсбуку галоўная рэдактарка Аксана Колб.

13.08.2021 / 13:55

Газета выдавалася з сакавіка 2002 года. Яе галоўнымі рэдактарамі былі ў розны час Алена Анісім, Аляксей Кароль, Аксана Колб.

Апошні год газета заставалася амаль апошняй незалежнай газетай, што выдавалася ў Беларусі. Яе выпісвалі ў калоніі і турмы палітвязням, пенсіянеры, проста з салідарнасці.

Спачатку ад газеты адмовіліся кіёскі, затым «Белпошта». «Новы Час» сабраў даныя чытачоў і сам дасылаў нумары падпісчыкам, але ад сёння з імі адмовілася працаваць прыватная тыпаграфія, дзе друкавалася выданне, а знайсці іншую ў нашых умовах нерэальна.

Са жніўня 2020 года Беларусь страціла папяровыя «Народную волю», «СН+», «Газету Слонімскую», «Інтэкс-прэс», з ліпеня гэтага года «Рэгіянальную газету», вымушана друкавацца за мяжой «Камсамолка».

Nashaniva.com