«Разумела, што шанцаў выйсці праз суд, няма». Юлія Слуцкая — пра вызваленне, умовы ў СІЗА і страчанае здароўе
Восем месяцаў каманда «Прэс-клуба» правяла за кратамі. «Я разумела, што яны не так павінны жыць», — кажа заснавальніца Юлія Слуцкая пра сваю каманду. У інтэрв'ю «Нашай Ніве» яна распавяла пра тое, як заўважыла сачэнне за сабой, чаму вырашыла прызнаць віну ў абмен на свабоду, як ела аўсянку футлярам ад зубной шчоткі і чаго ёй каштавала крымінальная справа.
21.08.2021 / 14:45
Юлія з дачкой Аляксандрай пасля вызвалення
«Нас рассадзілі па адстойніках — там моцна смярдзела туалетам і хлоркай»
«Наша Ніва»: Што адчувае чалавек, які пасля васьмі месяцаў турмы нарэшце едзе дадому?
Юлія Слуцкая: Вельмі дзіўнае адчуванне, бо ты працягваеш не верыць у тое, што адбываецца, і адначасова гэта так, нібы звычайнае жыццё і не перарывалася. Ты раптам бачыш сваіх родных, абдымаеш — нібыта ўчора абдымаў і не было гэтых васьмі месяцаў. Такі парадокс, я сама дзіўлюся.
«НН»: Як ваша здароўе?
ЮС: У мяне відавочна сеў зрок, я моцна гэта адчуваю, і калі чытаю, і калі ўдалечыню гляджу. Мне пэўна трэба будзе правяраць лёгкія, бо ў камеры моцна курылі сем чалавек. Я толькі апошні месяц не кашляю, бо летам стала менш дыму, былі адкрытыя выцяжкі, акно, я пераехала на іншы ложак бліжэй да яго, і мне стала болей свежага паветра.
На зрок, я думаю, вельмі паўплывала святло. Вось уявіце сабе: увесь гэты час мы правялі пры штучным асвятленні. У камерах ёсць вокны, вядома, але там краты, а за імі — металічныя шчыльна апушчаныя жалюзі.
Можа, у кагосьці ў камеры яны былі крыху прыпаднятыя, але ў нашай праз іх наогул святло не праходзіла. Увесь час напружваеш вочы. А чым у асноўным мы там займаліся — чыталі, пісалі лісты.
«НН»: Раскажыце, як выглядаў ваш дзень вызвалення.
ЮС: Пад’ём а 6-й у турме. Людзі прыводзяць сябе ў парадак, а 8-й — праверка. І ў гэты час прыйшоў адвакат і вельмі асцярожна сказаў, што, можа быць, нас выпусцяць, у яго ёсць такія звесткі, але ён баіцца мяне празмерна абрадаваць. Расказаў таксама, што былі затрыманы калегі з БелаПАНа — Іра Леўшына, Дзіма Наважылаў, бухгалтар іх. Таму я нечага чакала, але не верыла.
Недзе перад абедам мяне выклікалі «на кабінет». Аказалася, што прыйшоў пракурор, і ўжо ён даў падпісаць паперы пра тое, што крымінальная справа спынена і ўся каманда вызваляецца па артыкуле 88-1 КПК. Гэты артыкул прадугледжвае спыненне крымінальнага пераследу.
Пасля я прыйшла ў камеру і сказала: дзяўчаты, я выходжу. Усе плакалі, абдымаліся, бо каб так чалавек выходзіў, гэта быў першы выпадак за ўвесь час у нас. З нашай камеры вызвалялася Таня Гацура, але наколькі разумею, супраць яе працягваецца крымінальная справа. А ўсе астатнія, хто выходзіў, паехалі ў калонію.
«НН»: Сукамерніцы вас неяк праважалі?
ЮС: Дапамагалі прыбірацца, зварочвалі мне матрац. Прайшло дзве-тры гадзіны, перш чым па мяне прыйшлі. Калі ўжо закрылі дзверы, дзяўчаты пракрычалі: «Юля, мы вас любім». І я ім адказала: «Я вас таксама».
Пасля мяне павялі ўніз, і я ўбачыла, што там мой сын Пеця з матрацам, Ала, Сярожа. Нас рассадзілі па адстойніках — такія камеры ў самым нізе, у якіх людзей часова трымаюць, перш чым кудысьці размеркаваць. Там моцна смярдзела туалетам і хлоркай. А я намазалася крэмам, які мне перадала дачушка замест духоў (у турме вельмі не хапае пахаў) — і тут гэтая камера. Я проста сяджу і адчуваю, як хлоркай прапітваюцца мае валасы.
Насамрэч ўсё працягвалася яшчэ доўга.
У гэтых адстойніках мы гадзіны тры правялі — я была без гадзінніка, дакладна часу не ведаю. Пасля мы яшчэ падпісвалі нейкія паперы, быў вобшук — ці не выносім мы нешта. Нам выдалі грошы, якія нам пераводзілі людзі.
І калі гэта ўсё скончылася, мы пайшлі на выхад і там ужо сустрэліся з роднымі. Паколькі адвакат папярэдзіў, што можа быць вызваленне, то чакала Сашанька, яна сказала астатнім. Мы яшчэ доўга таўпіліся там, бо ніяк не маглі адно з адным расстацца — мы ж таксама з камандай не бачыліся восем месяцаў.
«НН»: Хто застаўся ў камеры з палітычных?
ЮС: Там Маша Рабкова з «Вясны». Яна вельмі моцны чалавек, прынцыповы, адказны і добры да іншых. Акрамя гэтага там Ала Лапатко з «Тутбай», кіраўнік аддзела распрацоўкі. Таксама засталася Каця з «Юркаса», памочніца заснавальніка, Юля Сырых — дзяўчынка з валанцёраў, якія насілі перадачы на Акрэсціна.
Літаральна незадоўга да гэтага з’ехала ў гомельскае СІЗА на апеляцыю Маша Каленік, студэнтка. І туды ж з’ехала Тоня Канавалава, якая была каардынатаркай у штабе Ціханоўскай.
Праз камеру ў розны час праходзілі і іншыя людзі. Напрыклад, Вольга Маёрава па справе Аўтуховіча.
У апошні дзень я расказала ўсё дзяўчатам [пра вызваленне], каб яны мелі ўяўленне. Дагэтуль не распавядала, бо было няясна, ці гэта адбудзецца.
Я, дарэчы, Ягора Марціновіча бачыла. Гэта было тыдзень таму. Мяне вадзілі да адваката, і відаць, яго таксама выклікалі да адваката ці следчага. Ён стаяў на калідоры з горда паднятай галавой. Але, па-мойму, ён мяне не пазнаў, стаяў спінай.
«У кастрычніку выявіла, што да майго тэлеграма з чэрвеня падключана чужая прылада»
«НН»: Як доўга рашаліся на гэты крок — прызнаць віну ў абмен на свабоду?
ЮС: Калі мне прапанавалі гэта, першым парывам было: не, як гэта магчыма. Пасля я думала і разумела, што важна выйсці, бо мы ўжо доўга сядзім. Разумела, што шанцаў праз суд выйсці няма, ніякіх. Я ўжо бачыла акты, у якіх паўсюль была «арэнда» («Прэс-клуб» абвінавацілі, што яны карысталіся спрошчанай сістэмай падаткаабкладання, але не мелі на яе права, бо здавалі памяшканне ў арэнду — НН). Я разумела, што нас асудзяць і мы ўсёй камандай паедзем у калонію. Таму я прыняла такое рашэнне. Яно было няпростым, але я рассудзіла так: мы не агаворваем нікога, апроч саміх сябе. Мы гэта перажывём, важней выйсці на волю.
«НН»: Колькі часу прайшло ад моманту падпісання дакументаў да вызвалення?
ЮС: Недзе 2,5 месяца, напачатку лета ўсё пачалося. Больш за тое — калі я бачыла, што адбываецца, я была ўжо ўпэўнена, што ніякага вызвалення не будзе. Ідуць нейкія палітычныя працэсы, вецер памяняўся, і нам адмовяць. Але адбылося, што адбылося.
«НН»: Умовы вызвалення — гэта..?
ЮС: Прызнаць віну, выплаціць кампенсацыю і напісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.
«НН»: Дачцэ давялося прадаць кватэру, каб выкупіць вас?
ЮС: Гэта была не кватэра — офіс. Плюс гэта былі грошы, якія заставаліся на рахунку «Прэс-клуба» — нам жа давялося пагашаць суму ў двайным памеры (агулам каля 200 тысяч рублёў — НН).
«НН»: Вы пракручвалі ў галаве дзень затрымання, думалі, што было б, калі б не вярнуліся з таго адпачынку?
ЮС: Канечне, пракручвала шмат разоў. І дакладна магу сказаць, што за дзве хвіліны да таго, як гэта адбылося, у мяне ніякіх званочкаў не было. Калі мы яшчэ адпачывалі, у мяне круціліся такія думкі, што вяртацца можа быць небяспечна. Але пацвярджэнняў, якія прымусілі б зрабіць рэальныя крокі, не было.
Апроч адзінага — у кастрычніку я выявіла, што да майго тэлеграма з чэрвеня падключана чужая прылада, дэсктоп з Расійскай Федэрацыі. Я яго знесла, але гэта быў знак, што за мной сачылі.
«Разумныя людзі сядзяць у турме і нічога не могуць зрабіць»
«НН»: Што для вас было самым цяжкім у турме?
ЮС: Складана ранжыраваць — шмат цяжкага. Адсутнасць дзённага святла. Калі ўсе кураць, а ты не, і няма выцяжкі. Калі няма прасторы, каб рухацца, бо вельмі цесна. Амаль усю зіму і вясну мы правялі без шпацыраў. Там так усё наладжана, што або ўсе ідуць, або ніхто. Выключэнне — толькі калі ў кагосьці бальнічны. І былі дзяўчаты, якія сядзелі доўга па наркатычных артыкулах, ім ужо шпацыры былі не патрэбны, бо на вуліцы то халадна, то сыра. І мы часам па месяцы не выходзілі.
Дрэнна лісты ішлі, асабліва напачатку, я паўтара месяца была без лістоў наогул. Гэта надзвычай цяжка — толькі адвакат прыносіў звесткі ад родных.
«НН»: Вы пісалі ў лісце ў СІЗА, што ненармальнасць там становіцца нармальнай. Што напрыклад?
ЮС: Усё, што я вам расказала, гэта ўсё надзвычай ненармальна. Разумныя прыгожыя людзі сядзяць у турме і нічога не могуць зрабіць. Я прывыкла, што ў цяжкіх сітуацыях я заўсёды дзейнічала, магла паўплываць на іх. Я не адзін крызіс прайшла ў жыцці і заўсёды ведала, што спраўлюся. А тут наогул ад цябе нічога не залежыць, і гэта ненармальна. Гэта моцная псіхічная ломка. Тое, што студэнткі маладыя з’язджаюць на Гомель шыць форму, — хіба нармальна?
«НН»: Мяне ўразіла, што людзі ў XXI стагоддзі вымушаны есці кашу з мыльніцы футлярам ад шчоткі (Юлія Слуцкая распавядала пра гэта ў перапісцы, посуд вязням выдаюць толькі на час ежы згодна з графікам — НН).
ЮС: Не, я, канечне, магла гэтага не рабіць і есці турэмную кашу, якую прыносяць а 6-й раніцы. І першы час яе ела, а потым не змагла. Па маіх адчуваннях, туды падмешваецца мука, па-першае. Па-другое, 6-я раніцы — гэта занадта рана. Таму я снедала пасля 8-й гадзіны. Гэта была не мыльніца, а кубак з-пад бальзаму ад валасоў, і ён мне дастаўся ў спадчыну ад кагосьці. Я заварвала там звычайна аўсянку і ела футлярам ад зубной шчоткі. Дарэчы, пасля аднаго з вобшукаў мой кубак паляцеў на прадол, і мне яго больш не вярнулі.
«НН»: Чаго вам каштавала «справа Прэс-клуба»?
ЮС: Я думаю, гэта не вымяраецца. Можа, калі пройдзе нейкі час, я змагу вымяраць, але пакуль не. Апроч таго, што ты сам знаходзішся ў цяжкіх умовах, ты разумееш, што сын знаходзіцца яшчэ ў горшых — у камеры на 25 чалавек, у падвале, з пацукамі, цвіллю. Разумела, што родныя б’юцца. Сашанька кожны дзень насіла мне перадачы. Я адкрыла для сябе, якая моцная ў мяне дачка. Дзяўчына майго Пеці, з якой яны збіраліся ажаніцца, штодзень перад працай а 8-й раніцы насіла яму перадачы.
Уся каманда сядзіць, і я разумела, што яны не так павінны жыць. Што ўсё гэта крыва, коса.
Пры гэтым трэба разумець, што ніхто не плакаў. Усе вельмі моцна сябе трымалі. Былі бадзёрымі, бо разумелі, што гэта адзінае, што мы можам для сябе зрабіць. І ўсе спадзяюцца на лепшае. Хоць веру часам вельмі складана падтрымліваць.