«Калі ёй дрэнна, піша, што прыснілася мама». Як адбывае арышт паштарка, пакараная за публікацыю адрасоў міліцыянтаў
Ларыса Танкашкур з Менска зь ліпеня адбывае ў Баранавічах трохмесячнае зняволенне за разгалошванне прыватных звестак міліцыянтаў. Летась яна змясціла ў інтэрнэце адрасы праваахоўнікаў, якія пражываюць на ўчастку, які яна абслугоўвала як паштарка, нагадвае Радыё Свабода.
25.08.2021 / 09:28
На судзе Ларыса Танкашкур прызнала віну, патлумачыла свой учынак абурэннем дзеяннямі праваахоўнікаў, якія збівалі пратэстоўцаў. Акрамя арышту, суд наклаў на Ларысу Танкашкур вялікае грашовае спагнанне.
У чэрвені жанчыну змясцілі спачатку на Валадарскага, а ў ліпені перавялі ў Баранавіцкі арыштанцкі дом. Толькі праз тыдзень сваякі атрымалі ад Ларысы першы ліст. Цяпер ліставанне «больш-менш» рэгулярнае.
«Выбіраеш душ альбо прагулку»
«Сяджу ў камеры на 8 чалавек, але людзей туды-сюды пераводзяць, таму бывае па-рознаму. Цяпер нас 6, дзяўчаткі ўсе добрыя. Старэйшай 67 гадоў, самай малодшай — 32. Якая тут ежа, сама ведаеш. Сёння хадзілі ў душ, выбіраеш душ альбо прагулку. Мы выбралі душ», — напісала Ларыса ў адным з першых лістоў.
З ліставаннем, паводле паштаркі Ларысы Танкашкур, у яе рэгулярныя праблемы. Частка лістоў, якія ёй пішуць сваякі і неабыякавыя людзі, да яе не даходзіць.
«Напісала, што атрымала ад мяне толькі адзін ліст, хоць я адправіла ўжо некалькі. І яшчэ згадала адну жанчыну, якая даслала ёй ліст, а сама Ларыса асабіста яе ня ведае. Дык той ліст ёй так і не перадалі, далі толькі пусты канвэрт з прозьвішчам. Ларыса лічыць, што там былі нейкія словы падтрымкі, а гэта цяпер забаронена», — мяркуе сваячка Ларысы Танкашкур.
Над ложкам павесілі таблічку «схільная да экстрэмізму»
Пра побытавыя ўмовы Ларысы ў Баранавіцкім арыштанцкім доме сваякам вядома мала.
«Напісала толькі, што ў камеры душна, і падсумавала, што «на Валадарцы было лепш». Атрымала грошы на атаварку, на якія купіла ў турэмнай краме пернікі і цукерак. Нядаўна папрасіла даслаць ёй цёплую кофту, бо прадбачыць, што ў верасні стане холадна. Просіць падпісаць яе на «Жаночую газэту», бо няма чаго чытаць. Красворды, якія ў яе былі, даўно ўсе разгадалі, бавіць час няма чым. Напісала, што неяк вадзілі глядзець па тэлевізіі «Контуры» — відаць, мазгі ім там прамываюць з дапамогай дзяржаўнай прапаганды», — паведаміла сваячка Ларысы Танкашкур.
Паводле звестак ад Ларысы, па прыбыцьці ў Баранавічы яе адразу паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму. Але ў чым гэта выяўляецца, сваякі могуць толькі здагадвацца.
«Напісала, што над яе ложкам павесілі таблічку «схільная да экстрэмізму». Гэта нас абурае, якая з яе «экстрэмістка», але што зробіш. Можа, правяраюць дадаткова, ці што? Зразумела, ёсць пэўныя абмежаванні і асаблівасці, але паведаміць пра іх у лістах проста не можа. Толькі дадала, што яшчэ год пасьля выхаду на волю ёй прыйдзецца адзначацца ў міліцыі», — расказала сваячка Ларысы Танкашкур.
Ларыса звычайна піша, што ў яе «ўсё добра», але сваякі лічаць, што праўда іншая. Паводле сваякоў Ларысы, у пэўных сітуацыях яна ўжывае «эзопаву мову», каб паведаміць пра рэальны стан рэчаў.
«Калі піша, што ёй прыснілася маці, мы дакладна можам лічыць, што з ёй нешта дрэннае. Але расказаць пра гэта яна зможа, толькі як выйдзе на волю», — мяркуе сваячка паштаркі.