Замест «Маскоўскай» — «Мінская». Вуліцы Драгічына атрымаюць беларускія назвы

У пачатку ліпеня мясцовыя ўлады вынеслі на грамадскае абмеркаванне назвы праектаваных вуліц у Драгічыне. Тапаніміка не была прывязана да Беларусі. Але пасля грамадскага розгаласу ўсё змянілася.

25.08.2021 / 09:46

Першапачаткова вуліцы прапаноўвалася назваць «Маскоўскай», «Пятра Баграціёна», «Івана Айвазоўскага» і «Георгія Жукава».

Як адзначаецца на сайце райвыканкама, да іх прыйшло 27 лістоў, у якіх былі прапанаваныя 92 варыянты назваў.

У выніку чыноўнікі прапанавалі наступнае рашэнне. Са старога спісу застаўся толькі славуты савецкі маршал. Вуліца Маскоўская стала Мінскай, Баграціёна — Міхаіла Герасімава (гэта партызан часоў Вялікай Айчыннай), Айвазоўскага — Юрыя Блінова (ураджэнец Драгічына, піяніст, адзін з уладальнікаў клуба «Крумкачы»).

Гэтыя прапановы адпраўлены на зацверджанне ў Драгічынскі раённы савет дэпутатаў.

Nashaniva.com