«Тут жыла сястра маёй бабулі». Фантастычная гісторыя пакупкі стагадовай сядзібы пад Ашмянамі
Сядзіба Лейбы Стругача — аднаго з самых багатых яўрэяў Беларусі — апошнія гады стаяла ў запусценні. Папярэдні ўладальнік, які выкупіў гэты дом пад Ашмянамі ў стылі мадэрн, пачаў рамонт, зняў тынкоўку, але не разлічыў свае сілы і закінуў справу. Драўляны фасад пачаў гніць і рассыпацца.
25.08.2021 / 17:32
Краязнаўцы непакоіліся, што сядзібу знясуць праз яе аварыйны стан. Але аказалася, на яе іншыя планы.
«Наша Ніва» адшукала новага ўладальніка — яго з домам звязвае фантастычная гісторыя.
Двухпавярховая сядзіба была пабудавана ў канцы ХІХ стагоддзя. Яе ўзвёў заможны купец Лейба Стругач — уладальнік мясцовага вінаробна-дражджавога завода, акцыянер Лідскага бровара і рыжскага акцыянернага таварыства «Дрожджы».
Гэта быў шыкоўны дом з басейнам, аранжарэяй з экзатычнымі кветкамі і паркам. Рэшткі мураванай агароджы, разныя балконы і калоны захаваліся і па сёння.
Так сядзіба выглядала яшчэ ў 2009 годзе.
Пасля смерці Лейбы сядзіба перайшла яго сынам. Старэйшы з іх, Абрам, разам з сям’ёй быў расстраляны падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Дом яшчэ ў канцы 1930-х быў нацыяналізаваны савецкай уладай. Пазней яго перадалі на баланс упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама. Яшчэ ў 2000-х там жылі сем’і настаўнікаў, але праз аварыйны стан будынка людзей адсялілі.
Сядзібу ўжо прадавалі інвестару — мясцоваму мясакамбінату. Не пацягнулі. У планах была база адпачынку, а па факце — незавершаны рамонт, пасля якога «голы» дом без тынкоўкі стаў разбурацца на вачах. Ён, дарэчы, дагэтуль не мае ахоўнага статусу.
У студзені 2020 года сядзібу зноў выставілі на аўкцыён за 1500 рублёў. З умовай — правесці рэканструкцыю і ўвесці ў эксплуатацыю на працягу пяці год. Выкупіў яе жыхар Ашмян Віталь Баброўскі.
«Гэта сядзіба сястры маёй бабулі», — здзіўляе ён.
Сястра бабулі — гэта жонка Абрама Лейбы, забітая немцамі ў 1942-м. Бабуля Віталя, дарэчы, была гувернанткай у Чапскіх, у іх графскім маёнтку ў Жупранах.
«Я з дзяцінства чуў гэтыя гісторыі. Хацеў выкупіць сядзібу яшчэ ў 1985 годзе, але тады аблвыканкам не даў згоду», — дзеліцца Віталь. Сам ёй раней працаваў мастаком-архітэктарам, 10 гадоў пражыў у Амерыцы, а потым вярнуўся на радзіму.
З некалі шыкоўнага дома мужчына плануе зрабіць аграсядзібу. Па яго разліках, на аднаўленне спатрэбіцца год-два. Зносіць мадэрновы будынак ён не будзе, хоць найбольш пашкоджаныя часткі драўлянага фасаду давядзецца выразаць і замяняць новымі. Віталь верыць, што сядзібу можна яшчэ выратаваць.
Бядуе толькі, што мясцовая ўлада не надта яго падтрымлівае.
«Я ж не будую тут завод, які заўтра дасць прыбытак. Хачу добраўпарадкаваць раён, зрабіць лодачную станцыю непадалёк. Добра было б, каб яны паспрыялі».