«60-годдзе сустрэла ў адзіночнай камеры». Бухгалтарцы, якая цяжка перанесла анкалогію, пагражае да 20 гадоў за тэрарызм

Сваё 60-годдзе пенсіянерка Галіна Дзербыш з Абухава, што ў Гродзенскай вобласці, сустрэла ў адзіночнай камеры гродзенскай турмы. Экс-бухгалтарку, якая мае інваліднасць і нядаўна перажыла анкалогію, вінавацяць у тэрарызме і датычнасці да «групы Аўтуховіча». Сама Галіна віну катэгарычна не прызнае. У СІЗА яе з усмешкай называюць «бабуляй-тэрарысткай», вось толькі сітуацыя зусім не смешная — пенсіянерке пагражае да 20 год калоніі. Пра Галіну «Нашай Ніве» расказала яе дачка Анастасія. 

29.08.2021 / 11:48

Затрымалі Галіну Дзербыш яшчэ 10 снежня 2020 года. Па словах суседкі, да яе прыйшлі сілавікі і павезлі на размову. Разам з маці ў кватрэры была яе малодшая дачка, сястра Анастасіі. З яе словаў, сілавікі правялі ператрус, перавярнулі ўсё ў хаце: нават нюхалі каністры з гаража. Пасля Дзербыш забралі, больш на волю яна не выйшла. 

«Мне толькі праз тыдзень прыйшла папера, што маму падазраюць у тэрарызме», — кажа Анастасія. 

Пазней на дзяржтэлебачанні выйшаў фільм «Траціл пратэсту», прысвечаны так званай «групе Аўтуховіча». Узгадалі там і Галіну Дзербыш, нібыта яна сачыла за «аб’ектам» (тым амапаўцам, якому ўзарвалі аўто), прапаноўвала сваю машыну Аўтуховічу. Дачка Галіны не ведае, ці знаёмая яе маці з Аўтуховічам, але да тэлефільма ставіцца скептычна.

«У мамы і тэлефон кнопачны, а ў тым фільме яна ўжо ў нейкіх мэсэнджарах перапісваецца, — кажа Анастасія. — Следчы з КДБ мне казаў: «Вы сваю маму зусім не ведаеце!». Я адказала яму: «Сур’ёзна?»

Пасля затрымання Галіны з ператрусамі прыйшлі і да мясцовага інваліда. 

«У нас тут жыве хлопец, якога хацеў пасадзіць старшыня сельсавета — за ўхіленне ад войска. А той хлопец мае адно вока сляпое, другім бачыць на 40 працэнтаў, мае анкалогію і з галавою яшчэ праблемы. Ён нават не ўмее чытаць і пісаць, у школу амаль не хадзіў, у выніку яму атэстат проста дадому прынеслі. Размаўляе нават з цяжкасцю. Бяскрыўдны хлопец, але няпростага лёсу, бацькі злоўжываюць алкаголем. Ды што казаць, яму 25 гадоў, а ён нават пашпарт не меў.

І вось яму павесткі прыносілі, а ён імі грубку тапіў. У выніку яму пагражала до трох год. Хлопцы мясцовыя, якія аддавалі свае рэчы таму інваліду, прыйшлі да маёй мамы: дапамажыце яму! Мама павазіла яго па дактарах, сабрала даведкі, дакументы і ў выніку хлопца не пасадзілі, а пасля аформілі яму інваліднасць, — расказвае Анастасія. — А цяпер нават да яго прыходзілі з ператрусам пасля затрымання мамы.

Увогуле мама была заўсёды актыўнай, не раз удзельнічала ў выбарах як незалежны назіральнік. Мясцовыя ўлады такіх не любяць.

Прыходзілі сілавікі і да самой Анастасіі, хацелі арыштаваць яе кватэру, бо меркавалі, яе набылі на грошы Галіны Іванаўны.

Галіна ўжо чацвёрты месяц у адзіночнай камеры. 

«Я пыталася ў следчага з КДБ, чаму мама сядзіць адна, ён адказаў: «Яна сябе вельмі вульгарна паводзіць!» Падрабязна не тлумачыў, але ведаючы маму, я думаю, што яна проста выказала яму ўсё ў твар, што думала. Бо мама чалавек, які добра ведае, дзе чорнае, дзе белае, супрацоўнічаць са следствам не хоча, — кажа Анастасія. — Але ведаю, што ёй у адзіночы няпроста, бо гэта і псіхалагічны ціск, і нават няма каму ёй дапамагчы, калі стане кепска, ці проста ў побытавых момантах, бо ў мамы ж не працуе адна рука. 

Таксама мама перадавала ў лістах, што апошнія паўгады з ёй не праводзяць ніякіх следчых дзеянняў, яна проста сядзіць. Толькі перыядычна атрымлівае паперкі аб працягненні тэрміна пад вартай.

Я не разумею яшчэ, чаму маму не прызнаюць палітвязнем. Бо па той жа справе праходзіць Вольга Маёрава — яе палітвязнем прызналі, а маму чамусьці не хочуць».

Па словах дачкі, Галіна трымаецца і спадзяецца ўсё вытрываць. Анастасія кажа, што спадзяецца на лепшае: маму апусцяць, а вінаватыя атрымаюць па заслугах. Ці прапаноўвалі Галіне пісаць прашэнне аб памілаванні, дачка не ведае, але ўпэўненая — калі і прапаноўвалі, то яе маці адмовілася. 

Але і ўзрост, і здароўе даюць пра сябе ведаць, знаходжанне пад вартай даецца Галіне няпроста. 

«Апошні ліст я атрымала ад мамы 17 ліпеня, больш за месяц таму. Прычым ад яе даходзяць лісты чужым людзям, а нам — не. І ад нас да яе даходзяць кепска. 

Мама перадавала, што яе выклікалі да адміністрацыі і пры ёй знішчалі лісты ад мяне. Тлумачылі: лісты ад дачкі аддаць вам не можам, бо яна ў іх мацюкаецца.

Адвакатка апошні раз была ў яе таксама ў канцы ліпеня. Тады і даведаліся, што мама тры дні была ў карцары. Сітуацыя такая: прыйшла новая баншчыца, загадала ісці ў лазню ў сераду, а мама не была гатовая, бо яе вадзілі пастаянна ў пятніцу. Мама адмовілася, тая баншчыца прыгразіла на яе напісаць — і напісала. За тое маму і закінулі ў карцар. 

Карцар ёй цяжка даўся. Яна там губляла прытомнасць, выйшла з сінякамі на твары — пабілася, калі падала, — расказвае Анастасія. — 

У мамы даўнія праблемы са здароўем. У 27 гадоў яна трапіла ў сур’ёзную аварыю, ёй хацелі нават руку ампутаваць. Руку выратавалі, але ў мамы цяпер няма косткі ў плячы, адна рука амаль не функцыянуе. І з тых часоў пашкоджаная нервовая сістэма,

у мамы бываюць прыступы, калі яна не можа ўстаць з ложка, ляжыць па некалькі дзён.

І пару гадоў таму была анкалогія, маці перанесла дзве аперацыі, выразалі тыя пухліны. Ну і праблемы з сэрцам таксама, ціск — усё ж 60 гадоў чалавеку.

Піша, што цяпер за кратамі ў яе пломбы павывальваліся, пачаўся стаматыт. Пакутуе ад ціску, ад прыступаў галаўных боляў».

Пакуль Галіна за кратамі, гаспадарка ў асноўным на дачцэ. Муж таксама пенсіянер, але працягвае працаваць, нярэдка ў камандзіроўках. У той дзень, калі прыйшлі па Галіну ён таксама быў у ад’ездзе.

«У мамы куры, трусы, сабака… Там вялікая гаспадарка, я туды езджу карміць усіх амаль штодня.

Цяпер каты хварэюць — у мамы 16 штук на лецішчы, усе выратаваныя. Цяпер у трох з іх кавід, ветэрынар пацвердзіў. Ляжаць пластом, соплі, кашаль, усё як у людзей. Я ім кажу: і не думайце паміраць, трэба дачакацца гаспадыню! — кажа Анастасія. — 

Я пакуль у дэкрэце, сыну 2 гады і 9 месяцаў. Дык у іх такая сувязь з маёй мамай — ён кепска спіць, калі нешта з ёю не тое. Прачынаецца, паказвае на ікону, кажа: «Мама — баба». Гэта значыць, штосьці з Галінай Іванаўнай здарылася. Аднойчы малы ўсю ноч не спаў, на наступны дзень мы ад адваката даведаліся, што ў мамы быў прыступ.

А цяпер яго не магу нават браць з сабою, калі важу перадачы, бо малы крычыць: «Выпусціце бабу!» Апошні раз ездзілі, ён палез на вароты з крыкамі: «Галю выпускай!» 

Адрас для лістоў:220023, г. Гродна, вул. Кірава,1
Турма №1. Галіне Іванаўне Дзербыш

Nashaniva.com