Інспектар мытні, мадэль і студэнтка, што вальсіравала з Лукашэнкам. Хто сёлета ўдзельнічае ў «Міс Беларусь»?
Конкурс «Міс Беларусь» у апошнія гады ўсё менш асацыюецца з прыгажосцю, і больш — з дзяржаўнай палітыкай. Кастынгі ў некаторых гарадах былі без аншлагу — у Брэсце і Наваполацку прыйшло па адной дзяўчыне. Але ўдзельніц змаглі набраць — у фінал конкурсу, які пройдзе 10 верасня, прабіліся 29 прэтэндэнтак. Паглядзелі, хто апынуўся сярод іх.
01.09.2021 / 10:39
Вольга Пятровіч
Студэнтка 4-га курса БДТУ родам з Барысава. Вучыцца на бюджэце на інжынера лясной гаспадаркі. Стараста групы. У вольны час гуляе ў тэніс.
Пра Вольгу «Наша Ніва» ўжо пісала. Гэта яна ў снежні вальсіравала з Лукашэнкам на балі ў Палацы незалежнасці.
«Я сама запрасіла Лукашэнку на танец. Ён не адмовіў — танчыць добра. Танчылі вальс, гаварылі пра баль, якая ўрачыстая абстаноўка, якія танцоры і як яны выдатна выглядаюць і стараюцца», — расказвала тады дзяўчына.
Уладлена Зайцава
Дзяўчыне 23 гады, яна скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працуе інспектарам мытні. Разам з творчым калектывам выступала сёлета на Купаллі ў Александрыі, дзе прысутнічаў і Лукашэнка.
У сацсетках інспектар часам посціць вершы і прызнаецца ў любові да радзімы. «Толькі тут лёгка і спакойна дыхаецца, толькі тут адпачывае мая душа», — пісала дзяўчына.
Амалія Старавойтава
19-гадовая Амалія таксама з Магілёва. Выпускніца каледжа культуры, актрыса мясцовага драматычнага тэатра.
Трапіць на конкурс прыгажосці — яе мара.
«Я захацела стаць удзельніцай у 14 год і ўвесь час да гэтага ішла, працавала над сабой», — кажа яна.
Амалія, як і яшчэ тры магілёўскія ўдзельніцы «Міс Беларусь», — выхаванка гарадскога тэатра моды і мадэльнай школы Таццяны Палазковай.
Яна Бараноўская
Мінчанка вучыцца маркетынгу ў Інстытуце бізнэсу БДУ. Як мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці ўдзельнічае ў здымках і паказах. У вольны час Яна займаецца ангельскай мовай, ходзіць на фітнэс і стрэтчынг.
Марыя Радзько
«Праходжу шлях ад юнай дзяўчыны да сталай лэдзі», — такі статус стаіць у інстаграме Марыі. Яна з Барысава, скончыла БДЭУ. Пасля ўніверсітэта праходзіла практыку на МАЗе. Любіць выпякаць торты.
Перад фіналам конкурсу Марыя шмат трэніруецца ў зале, каб прывесці цела ў форму.
Дзіяна Кулік
Навучэнка медыцынскага каледжа з Маладзечна. Захапляецца танцамі і спевамі. Сёлета Дзіяна ўжо заваявала адзін тытул — перамагла на конкурсе «Міс Маладзечна».
Кацярына Нічышына
Кацярыне 24 гады. Яна з адзнакай скончыла юрфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працуе ў абласным упраўленні Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Таксама дзяўчына вядзе навіны на рэгіянальным тэлебачанні.
Кацярына — выпускніца мадэльнай школы Нагорнага.
Кацярына Лайбіс
Гэта 22-гадовая ўдзельніца з Гомеля. Пасля педагагічнага каледжа Кацярына працуе цьютарам у 62-й школе. А паралельна атрымлівае вышэйшую адукацыю — у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ.
На «Міс Беларусь» Кацярына не ўпершыню. У 2018 годзе яна была сярод фіналістак конкурсу.
Яна Багдановіч
Яна са Смаргоні. Працуе настаўніцай музыкі і завочна вучыцца на факультэце эстэтычнай адукацыі БДПУ. Дзяўчына з дзяцінства грае на балалайцы і часта выступае з нумарамі на гарадскіх і раённых канцэртах.
Паліна Круглякова
У 23 гады дзяўчына валодае парфюмернай крамай і дапамае жывёлам — яна валанцёр дабрачыннага праекта Help Animals. Родам Паліна са Жлобіна. Яна таксама дэфілюе на паказах беларускіх тыдняў моды.
Александра Папок
Радзіма Аляксандры — Петрыкаў. Ёй 19, вучыцца ў БДЭУ. Слухае Макса Каржа — была на яго канцэрце на стадыёне «Дынама».
Тры гады таму дзяўчына стала другой віцэ-міс на конкурсе «Палесская прыгажуня».