Настаўніца з Баранавічаў атрымала два гады хатняй хіміі за каментар пад фота міліцыянта — яе былога кавалера

Настаўніцу англійскай мовы гімназіі №4 Марыю Міхееву, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за тое, што яна ў адным з тэлеграм-чатаў пакінула каментар пад фота міліцыянта Вадзіма Якімчыка, паведамляе «Вясна».

09.09.2021 / 09:37

33-гадовая Марыя Міхеева пакінула пад фотаздымкам міліцыянта Вадзіма Якімчыка ў адным з тэлеграм-чатаў каментар: «Я з гэтым ч** у маладосці гуляла».

Лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што слова «ч**» нясе ў сабе прыніжальную афарбоўку, якая зневажае чалавечую годнасць.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачаная цалкам прызнала сваю віну.

Жанчына выхоўвае дваіх дзяцей. Гэта суд палічыў змякчальнай акалічнасцю. Як і «чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым злачынстве».

У выніку суддзя Літвінчык Аксана прысудзіла Міхееву да двух гадоў «хатняй хіміі».

Таксама ў жанчыны канфіскавалі ў даход дзяржавы яе мабільны тэлефон.

Nashaniva.com