Як афганскія жанчыны жывуць пры талібах і чаго баяцца
Імклівы наступ руха «Талібан» у Афганістане прымусіў шмат афганцаў пакінуць краіну. Сярод іх хапала жанчын, што баяліся рэзкага абмежавання сваіх правоў у выпадку прыходу талібаў да ўлады. У іх страхаў была падстава.
16.09.2021 / 10:57
Фота pixabay.com
За час з 1996 па 2001 год, калі талібы кіравалі краінай мінулы раз, яны ясна прадэманстравалі свой погляд на жаночыя свабоды. У той перыяд была забароненая амаль любая адукацыя для жанчын. Афганкі маглі выходзіць з дому толькі ў суправаджэнні сваяка мужчынскага полу і фактычна не мелі дазволу працаваць. Жыхары краіны за правіннасць маглі трапіць пад пакаранні накшталт забівання камянямі, удараў пугай ці ампутацыі канечнасцяў. Як жанчыны, так і мужчыны павінны былі выконваць у грамадстве правілы строгага дрэс-коду.
З прыходам у Афганістан войскаў заходняй кааліцыі ў 2001 годзе сітуацыя пачала змяняцца. Жанчыны атрымалі доступ да адукацыі — у 2020 годзе амаль 40% месцаў у афганскіх універсітэтах былі занятыя дзяўчынамі. Некаторыя афганкі заняліся палітыкай і нават трапілі ў парламент ці сталі мэрамі сваіх гарадоў. Адной з такіх жанчын, Зарыфе Гафары, усяго 29 гадоў. Некаторыя афганкі вырашылі рэалізаваць сябе праз спорт. У прыватнасці, у краіне з’явілася ўласная жаночая зборная па футболе, што немагчыма было ўявіць пры талібах.
Шмат у чым афганкам дапамагала міжнародная супольнасць. У краіне пачалі працаваць спецыяльныя праграмы і фонды, якія займаліся інтэграцыяй жанчын у афганскае грамадства. Аднак іх дзейнасць у асноўным была сканцэнтраваная вакол вялікіх гарадоў накшталт Кабула, таму ў афганскіх правінцыях вяртанне жанчын іх свабод не было такім выражаным.
Талібы змянілі не ідэалогію, а ўсяго толькі стыль камунікацыі з грамадскасцю
У апошні месяц, калі талібы вярнулі сабе краіну, яны неаднакратна абяцалі, што не будуць ушчамляць жанчын у правах. Паведамлялася: афганкі зоймуць сваё месца ў грамадстве, але ўсё павінна быць адпаведна шарыяту (і вядома, што талібы вельмі строга прытрымліваюцца гэтага зводу законаў).
Жанчыны на вуліцах Кабула ў бурцы — адным з відаў традыцыйнага мусульманскага жаночага адзення. Пасля захопу Кабула талібамі цэны на буркі і паранджу ў крамах выраслі ў некалькі разоў. Фота: depositphotos.com
Абяцанні талібаў прымусілі свет задумацца, ці сапраўды рух здолеў змяніць стаўленне да жанчын з часоў свайго мінулага праўлення. Гучалі заклікі даць «Талібану» час на тое, каб сфарміраваць урад і палітыку, і ўжо пазней заняцца правамі жанчын. Аднак навіны, што даходзяць з Афганістана, сведчаць: талібы змянілі не ідэалогію, а ўсяго толькі стыль камунікацыі з грамадскасцю.
У канцы жніўня прадстаўнікі руху папрасілі афганак не наведваць працу, пакуль дзейная ўлада не здолее забяспечыць іх бяспеку. Але ж падчас свайго мінулага праўлення талібы таксама забаранялі жанчынам атрымліваць адукацыю і працаваць і тлумачылі яны гэта таксама пытаннямі бяспекі. Талібы абяцалі, што як толькі сітуацыя палепшыцца, жанчыны атрымаюць магчымасць вярнуцца ў грамадства, але падчас іх улады гэта так і не адбылося.
Ужо ясна, што афганкі будуць значна абмежаваныя ў магчымасцях працы і адукацыі, хаця, магчыма, яны і атрымаюць больш свабод, чым у 1990-я гады. Новы міністр вышэйшай адукацыі краіны абвясціў, што студэнты рознага полу павінны вучыцца ва ўніверсітэтах асобна.
Гістарычны вопыт паказвае, што ў такіх умовах жанчыны часта атрымоўваць адукацыю больш нізкай якасці ці ўвогуле губляюць магчымасць вучыцца.
Што датычыцца прыватных універсітэтаў, яны атрымалі цэлы спіс рэкамендацый, якія павінны пазбавіць студэнтаў рознага полу нават магчымасці бачыць адно аднаго. Так, жанчынам павінен быць прадастаўлены транспарт для праезду ва ўніверсітэт, прычым вокны ў такім аўтобусе павінны быць завешаныя, а паміж студэнткамі і кіроўцам (якім можа быць мужчына) трэба павесіць шторку.
Ёсць прыкметы, што ў іншых сферах жыцця афганкі таксама вяртаюцца да статусу, які яны мелі да прыходу ў краіну заходніх войскаў.
Кіраўніцтва салонаў прыгажосці атрымала загад зафарбаваць партрэты жанчын, а яшчэ «Талібан» абвясціў пра забарону музыкі.
Жаночыя пратэсты — галоўная рыса супраціўлення
Аднак афганкі і не думаюць здавацца. Больш за тое, жаночыя пратэсты — ледзьве не галоўная рыса таго супраціўлення, на якое ўсё яшчэ здольнае афганскае грамадства.
Усё пачалося 2 верасня з пратэсту некалькіх дзясяткаў жыхарак горада Герат, якія выйшлі з заклікамі да захавання сваіх правоў на працу і адукацыю. Хвалю пратэстаў падхапілі Кабул і Мазары-Шарыф. 4 верасня каля 100 жанчын сабраліся перад камандным цэнтрам «Талібана» ў сталіцы краіны з заклікамі да роўнасці ў грамадстве.
Талібы разагналі дэманстрацыю і збілі як мінімум 10 яе ўдзельніц, аднак жыхаркі Кабула зноў вярнуліся на вуліцы. 7 верасня яны сабраліся перад пасольствам Пакістана, каб пратэставаць супраць меркаванага ўдзелу пакістанскіх дронаў у бамбардзіроўцы антыталібанскага супраціву ў даліне Панджшэр. Да пратэсту далучыліся і мужчыны.
«Талібан» адрэагаваў на мітынгі ўзмацненнем жорсткасці заканадаўства. Згодна з ім, цяпер як мінімум за 24 гадзіны да дэманстрацыі трэба атрымаць ў Міністэрства юстыцыі дазвол на яе правядзенне.
Тым не менш, пакуль талібы ўстанаўліваюць новыя абмежаванні і кляймуюць дэманстрантаў у СМІ, эканоміка краіны разбураецца. Цэны на жыццёва важныя прадукты ў апошні час узляцелі ўверх, беспрацоўе моцна вырасла, а бюджэтныя сферы, накшталт аховы здароўя, ледзьве выжываюць.
Талібам варта асэнсаваць, што наступ на правы і свабоды наўрад ці здолее выправіць сітуацыю.