«За два тыдні верасня прыняла столькі ж пацыентаў, колькі ў студзені. І гэта яшчэ не пік». Медыкі і пацыенты пра чацвёртую хвалю кавіду
Міністэрства аховы здароўя Беларусі пару дзён таму аб’явіла чацвёртую хвалю кавіду. Колькасць хворых і памерлых нават па афіцыйнай статыстыцы значна вырасла. Толькі за мінулыя суткі ў краіне было зарэгістравана 1967 новых выпадкаў заражэння каранавірусам. І гэта адна з рэкордных лічбаў. Колькасць памерлых за суткі дасягнула 13. І гэта таксама рэкорд. Што адбываецца ў шпіталях і паліклініках, «Нашай Ніве» расказваюць дактары і пацыенты.
17.09.2021 / 08:29
«Працую ў сталічнай паліклініцы. Выклікі да пацыентаў з каранавірусам у апошні месяц рэзка павялічыліся. З вялікай неахвотай адкрываюць месцы ў стацыянарах.
Перапоўненыя ўсе бальніцы, перапрафіляваныя пад кавідных пацыентаў. Там канвеер і выпісваюць рана. Не хапае апаратаў ШВЛ, прэпаратаў, — кажа адзін са сталічных дактароў, з якім мы пагаварылі на ўмовах ананімнасці. — Мяркуючы па тым, што мы бачым на месцах, лічбы па статыстыцы памяншаюць у некалькі разоў. Гэта можна прасачыць нават праз звесткі па залішняй смяротнасці ў Беларусі».
«За два тыдні верасня прыняла столькі ж пацыентаў, колькі прымала ў студзені. І гэта яшчэ не лістападаўская лавіна, не пік. Вельмі палохае моладзь. Бацькі прыводзяць тых, каму па 18-19 год. Хварэюць шмат і цяжка», — адзначае другі доктар.
«Медыкі амаль не спраўляюцца з наплывам. На інфекцыйным прыёме працуюць 4 дактары агульнай медыцынскай практыкі, штодня калідоры перапоўненыя першаснымі і паўторнымі пацыентамі.
Нават калі чалавек прыйшоў у паліклініку са звычайным вострым рэспіраторным захворваннем, пасля некалькіх гадзін у такой чарзе дахаты ён дакладна вернецца ўжо з кавідам, — кажа супрацоўніка 8-й паліклінікі, што абслугоўвае пацыентаў Першамайскага раёна Мінска.
Не так даўно ў інстаграме з’явілася фота аднаго з супрацоўнікаў сталічнай хуткай. Медык прызнаўся, што ў чарзе да першай гарадской клінічнай бальніцы ён быў дваццатым. Пацыента яны прывезлі ў 18:23, а аддалі ў прыёмны пакой у 20:30.
«У 20:00 выйшлі супрацоўнікі бальніцы і сказалі, што месцаў няма. Так, мы гэта зрабілі. У Мінску ўсе кавідныя бальніцы занятыя», — напісаў мужчына.
Пры гэтым навіны аб перапрафіляванні медустаноў пад кавідных пацыентаў з’яўляюцца амаль кожны дзень. Але мяркуючы па тым, што пішуць і расказваюць медыкі, месцаў для ўсіх хворых у іх не хапае.
«У педыятрыі наогул «рэкорды Гінеса»: даходзіць да 100 пацыентаў за дзень»
Сітуацыя не лепшая і ў рэгіёнах. Так, медыкі з Магілёва расказваюць, што за змену на рэнтгенаўскія здымкі прымаюць па 30-50 чалавек і адзначаюць значны прырост хворых на кавід.
«Многія ідуць сем’ямі. Шмат маладых. Месцаў у стацыянарах не хапае, мала кіслароду. Сказалі скараціць да мінімуму заняты ў чырвоных зонах персанал, — кажуць дактары. — Масачны рэжым ніяк не кантралюецца, толькі на касах у крамах яшчэ кантралююць крыху. У транспарце амаль усе без масак. Моладзь прышчапляцца не хоча, узроставыя больш адказныя».
У Маладзечне таксама наплыў. Дактары кажуць, што нагрузка вырасла і вельмі значна.
«Гэта проста не ўкладаецца ў галаве, як фізічна паспець прыняць 50 пацыентаў, а потым абысці 60 адрасоў на ўчастку за палову дня? Чэргі на вуліцах у любую паліклініку мінімум чалавек 20, хатніх выклікаў у аднаго тэрапеўта 40-60 на дзень. У педыятрыі наогул «рэкорды Гінеса»: даходзіць да 100 пацыентаў за дзень».
Па звестках, якімі з намі падзяліліся медыкі з Ушацкага раёна, колькасць кавідных пацыентаў за апошнія месяцы там павялічылася амаль у пяць разоў.
«Працую ў шпіталі ветэранаў у аграгарадку «Лясны». Зранку было 165 хворых на кавід. Вязуць «свежыя» пнеўманіі з Мінскай вобласці, горад не прымаем. Выпісваем апошніх планавых і адчыняем яшчэ 180 ложкаў пад кавід», — паведаміў адзін з дактароў.
«Многія нават з тэмпературай стаяць на вуліцы з самага ранку. Мерзнуць»
Чытачы «Нашай Нівы» расказалі пра вялікія чэргі, што цяпер утварыліся перад кавіднымі аддзяленнямі ў паліклініках.
«20-я дзіцячая паліклініка ў Мінску — велізарная чарга пацыентаў з тэмпературай. Заходзяць праз асобны ўваход. Гадзін у 11 усім сказалі разыходзіцца, таму што больш прыняць не могуць, — кажа мінчук Сяргей. — Участковых тэрапеўтаў не хапае.
Адзін доктар прымае тры ўчасткі. А той, да якога нас адправілі, павінен працаваць да 12-й гадзіны, і ён лагічна папрасіў больш не займаць чаргу. Але з рэгістратуры людзей сюды адпраўляюць і адпраўляюць. Увесь калідор забіты людзьмі. Гэта не скарга на дактароў. Я проста апісваю тую сітуацыю, з якой сутыкнуліся».
Многія чытачы ў якасці доказу дасылаюць фотаздымкі. Вось такое фота, напрыклад, нам даслаў жыхар Гомеля. Па яго словах, гэта 8-я паліклініка.
У Кобрыне чарга такая, што яна заварочваецца ажно за будынак. Пацыенты кажуць, што медыкі працуюць без перапынкаў, але людзі ўсё роўна гадзінамі стаяць у чарзе.
Вельмі падобная сітуацыя, па словах чытачоў, і ў Салігорску, дзе ў «гарадскіх лячэбна-прафілактычных цэнтрах сёння небывалы наплыў хворых дзяцей і дарослых».
Аналагічна і ў Мар’інагорскай паліклініцы. У чарзе на прыём з падазрэннем на каранавірус людзі стаяць гадзінамі.
«З візітам да хворых доктар у нас не ходзіць. Ён проста не спраўляецца з наплывам пацыентаў, — расказвае мясцовы жыхар. — Для кавідных працуе асобны кабінет, хворых у яго прапускаюць з чорнага ўваходу. Многія нават з тэмпературай стаяць на вуліцы з самага ранку. Мерзнуць».
«Ведаеце, па некалькі гадзін у чарзе — гэта не 20 разоў на дзень пешшу на 4-5 паверх падняцца, — каментуе медык, якая наведвае хворых у спецыяльным антыкавідным касцюме. Эфект саўны ў ім дасягаецца ўжо праз 10 хвілін працы. —
Я ўжо маўчу пра новабудолі, дзе не працуюць ліфты. Цяпер я ў паліклініцы, раней была ў хуткай дапамозе. Кожную структуру ведаю знутры. Скажу так: у паліклініках сёння — сапраўднае пекла».
«Многіх сапраўды дасведчаных спецыялістаў звольнілі за грамадзянскую пазіцыю»
Гадзінныя чэргі і такія цяжкасці ў лячэнні чацвёртай хвалі каранавіруса, па словах медыкаў, не толькі з-за таго, што рэзка павялічылася колькасць хворых. Яшчэ адна значная прычына — скарацілася колькасць медыкаў.
«Медыкаў катэгарычна не хапае, — кажа адзін са сталічных дактароў. Многіх сапраўды дасведчаных спецыялістаў у нас, якія не хацелі маўчаць, звольнілі за грамадзянскую пазіцыю».
«У той жа Мар’інай горцы недахоп дактароў катастрафічны: кавідны прыём з велізарным наплывам пацыентаў вядзе адзін спецыяліст. Відавочна, што дапамагчы ўсім гэты спецыяліст проста не ў стане нават фізічна», — піша жыхарка Мар’інай горкі Алена.
«Толькі з нашай бальніцы за апошнія месяцы звольніліся 14 чалавек, — расказалі нам медыкі з Салігорска. — У хуткім часе лячыць пацыентаў стане няма каму.
А калі хтосьці з нашых калег скардзіцца на тое, што апошнія паўтара года яны працуюць ў небяспечных для жыцця ўмовах — з ненармаваным графікам і ў пастаянным стрэсе — у адказ чуюць: «Хто на што вучыўся».
Па афіцыйных даных, у Беларусі сёння не хапае каля 10 тысяч медыкаў. Цікава тое, што яшчэ на пачатку 2020 года ў краіне не хапала ўсяго 3 тысяч такіх спецыялістаў. Толькі за 8 месяцаў сістэме аховы здароўя ўтварылася «дзірка» ў 7 тысяч спецыялістаў.
Чыноўнікі праблемы з кадрамі ў ахове здароўя прызнаюць, але запэўніваюць, што сітуацыя не крытычная. Пры гэтым, каб забяспечыць паліклінікі кадрамі, туды адпраўляюць інтэрнаў. Пра гэта сведчыць дакумент, які трапіў у рукі «Нашай Ніве».
Мяркуючы па яго змесце, каб забяспечыць працоўнай сілай паліклінікі, у Міністэрстве пайшлі на змяненне плана праходжання інтэрнатуры. На два месяцы інтэрнаў хочуць увесці ў склад кантактных брыгад, якія ходзяць на хатнія візіты да пацыентаў з пацверджаным кавідам.
«Міністэрства аховы здароўя не бачыць ніякіх прычын уводзіць дадатковыя каранцінныя меры, а вось мабілізаваць на найбліжэйшыя месяцы інтэрнаў для візіту да хворых — бачыць, — тлумачыць адзін з дактароў. — Гэтаксама ў Міністэрстве аховы здароўя не хочуць прызнаваць факт крытычнага недахопу медыкаў у Беларусі.
Прытым што перакідванне інтэрнаў на «візіты» кажа менавіта пра тое, што патрэба ў «руках» рэзка павялічылася. А колькасць гэтых «рук» прагрэсіўна памяншаецца. Даплат, дарэчы, інтэрнам за візіты не абяцаюць».
«Людзей не хапае, таму кіраўнікі выклікаюць працаўнікоў з адпачынку»
Між тым каранавірус актыўна крочыць па калектывах, школах і дзіцячых садках. Пра ўспышкі захворванняў нам паведамляюць як супрацоўнікі сістэмы адукацыі, так і работнікі разнастайных прадпрыемстваў. Так, супрацоўніца дзіцячага садка з Фрунзенскага раёна кажа, што ў яе калектыве хварэе палова супрацоўнікаў.
«Людзей проста косіць кавід. Я сама перахварэла ў снежні, здавалася б, шмат антыцел, але падхапіла каранавірус ізноў», — кажа яна.
Не хапае людзей праз хваробу і на прадпрыемствах. Супрацоўнікі Мінскага электратэхнічнага завода (МЭТЗ) расказваюць, што людзей даводзіцца выклікаць з адпачынкаў.
«У 16-м цэху хварэюць практычна ўсе, а ў 9-м эпідэмія толькі пачынае распаўсюджвацца. Людзей не хапае, таму кіраўнікі выклікаюць працаўнікоў з адпачынку», — расказвае адна з рабочых.
«Дзеці ў школе ходзяць па кабінетах, а не вучацца ў адным, як гэта прапісана антыкавіднымі нормамі, — гаворыць нам маці шасцікласніцы з сярэдняй школы №205 у Мінску. — Пра дыстанцыйнае навучанне гаворка ўвогуле пакуль не ідзе».
Бацькі школьнікаў з іншых навучальных устаноў сталіцы кажуць, што ў іх навучальных установах сітуацыя аналагічная. Больш за тое, у выпадку, калі бацькі вырашаюць пакінуць дзіцёнка на адзін дзень дома, да прыкладу — захварэла горла, школа патрабуе афіцыйную даведку ад лекара.
«Гэта значыць, нават калі дзіцёнак проста прастыў, яго трэба весці ў перапоўненую паліклініку, адкуль ён дакладна вернецца ўжо з кавідам, — абураецца мама чацвертаклашкі Вольга. — Аналагічная гісторыя з даведкамі, якія цяпер патрабуюць ад школьнікаў амаль усе спартыўныя гурткі. Дзе логіка і хоць нейкі розум?»
Нагадаем, што з супрацькаранцінных мер Міністэрства аховы здароўя раіць часцей мыць рукі, насіць маскі, прытрымлівацца дыстанцыі і зрабіць прышчэпку. Таксама абмежаваны выезд за мяжу. Ні пра які лакдаўн гаворкі сёння не ідзе.
«Беларусы пра сябе цяпер павінны паклапаціцца самі»
«Факт: у Беларусі пачалася чацвёртая хваля каранавіруса. Хутка да яго далучыцца грып. І ў гэты час ніводны чалавек, якога я прыняла за апошнія некалькі дзён, не быў вакцынаваны, — адзначае доктар Алена з Мінска. — Многія беларусы плюнулі на меры бяспекі і працягваюць хадзіць без маскі. На вяселлях і вечарынах — па 100 чалавек, і таксама без масак: фотаздымкі ж дрэнныя атрымаюцца. Кіраўніцтва краіны паўнавартасных супрацькавідных дзеянняў таксама пакуль не прымае».
На думку медыка — і многія калегі Алены яе прытрымліваюцца, — Міністэрства аховы здароўя, якое ідзе па шляху скарачэння часу бальнічнага і звальнення медыкаў, з праблемай каранавіруса ў найбліжэйшы час не справіцца.
«Таму паклапаціцца пра сябе беларусы абавязаны самі. Толькі ў вашых руках цяпер вакцынавацца і адказна выконваць супрацькавідныя меры», — кажа доктар.
Паводле апошніх афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, поўны курс вакцынацыі ад каранавіруса ў Беларусі ўжо прайшлі звыш 1,48 млн чалавек, першы кампанент вакцыны атрымалі больш за 1,77 млн жыхароў краіны.
Прышчапіцца ад каранавіруса ў Беларусі можна дзвюма вакцынамі: расійскім «Спутнік V» ці кітайскай Vero Cell ад кампаніі «Сінафарм».
Дзеля рэвакцынацыі ў Беларусь паступіла 250 тысяч доз расійскай аднакампанентнай вакцыны «Спутнік Лайт».
Вакцынавацца можна ў паліклініках і некаторых бальніцах, спецыяльных пунктах у гандлёвых цэнтрах, на рынках і нават у метро. Таксама прышчэпку можна зрабіць ў сталічных ВНУ і студэнцкіх інтэрнатах.