Віцэ-прэм'ер Петрышэнка патлумачыў зніжэнне «каранавірусных» надбавак медыкам
«Надбаўкі захоўваюцца, але карэктуюцца». Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка ў эфіры тэлеканала АНТ у нядзелю.
20.09.2021 / 09:49
Скрыншот АНТ
«Гэтыя выплаты захоўваюцца. [Зрабілі] пэўную карэкціроўку з улікам правапрымяняльнай практыкі, з улікам таго, што мы ажыццявілі пэўныя ахоўныя функцыі. Маюцца на ўвазе сродкі індывідуальнай абароны, у поўнай меры забяспечаны персанал медыцынскі і сярэдні медперсанал, — сказаў ён. — Пытанні, зноў жа, вакцынацыі — гэта таксама абароненасць медперсаналу. Таму павінен быць тут прынцып рацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў. Самае галоўнае, прынцып справядлівасці».
Той, хто працуе ў «чырвонай зоне» з кавідпацыентамі, — у іх гэтыя надбаўкі захоўваюцца з улікам адпрацаванага часу. Гэта ўсё інфекцыйныя аддзяленні, перапрафіляваныя аддзяленні, дзе знаходзяцца хворыя з кавідам, рэаніматолагі, анестэзіёлагі, гэта ўсе тыя катэгорыі, якім усе надбаўкі захоўваюцца. Адпаведна, і іншым — у залежнасці ад колькасці адпрацаванага часу. Гэта значыць, толькі канкрэтна за перыяд прафесійнай рызыкі.
У далейшым мы працягнем адпаведнае фінансаванне. Вы ведаеце, што на ліквідацыю гэтых наступстваў толькі па мінулым годзе дзесьці 562 млн мы выдаткавалі — грошы, якія былі не запланаваныя. Па бягучых 8 месяцах мы гэтую лічбу перавысілі на 200 млн. Таму, вы бачыце, што дзяржава трымае гэтае пытанне на кантролі, і неабходнае фінансавае падсілкоўванне гэтага працэсу ідзе і далей будзе ажыццяўляцца», — сказаў віцэ-прэм'ер.